Украіна нічога не ведала пра перамовы ў Саудаўскай Аравіі і не будзе іх прызнаваць
Украіна не будзе ўдзельнічаць у перамовах паміж ЗША і Расіяй аб спыненні вайны ва Украіне на гэтым тыдні ў Саудаўскай Аравіі. Пра гэта заявіў журналістам прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падчас брыфінгу з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў.
«Украіна ўдзельнічаць не будзе. Украіна пра гэта нічога не ведала. Украіна расцэньвае любыя перамовы аб Украіне без Украіны як беспаспяховыя, і мы не можам прызнаць… Ніякіх дамоўленасцяў пра нас без нас», — сказаў Уладзімір Зяленскі.
Сам ён плануе ў сераду, 19 лютага, наведаць Саудаўскую Аравію.
Раней стала вядома, што ў сталіцы Саудаўскай Аравіі 18 лютага пройдуць перамовы прадстаўнікоў Расіі і ЗША.
Амерыканскі бок прадставяць дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа, саветнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Майк Уолц і спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Блізкім Усходзе Стыў Уіткаф.
Расію на перамовах прадставяць міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў і памочнік прэзідэнта РФ Юры Ушакоў.
Як паведамлялі СМІ, ЗША маюць намер правесці асобныя двухбаковыя перамовы з Расіяй і Украінай, а толькі пасля гэтага сумесныя перамовы з удзелам абодвух бакоў.