Маркаў: Планаў блакаваць нейкія сацыяльныя сеткі або месенджары няма. Але мы да гэтага гатовыя
Міністр інфармацыі Марат Маркаў распавёў, ці збіраюцца ўлады па прыкладзе Расіі блакаваць інстаграм і ютуб.
Марат Маркаў. Фота: «СБ»
Міністр інфармацыі Марат Маркаў на сустрэчы з чыгуначнікамі ў Баранавічах паразважаў пра блакіроўку сацсетак.
У Маркава спыталі, ці збіраюцца ўлады па прыкладзе Расіі блакаваць інстаграм і ютуб. Міністр адзначыў, што тэхнічна гэта магчыма, але неабходнасці пакуль няма. Ён лічыць, у Расіі ютуб стаў бессэнсоўны, у той час як у Беларусі ён пакуль прыносіць карысць уладам, піша «СБ».
«Трэба заўсёды ацэньваць ступень карыснасці і небяспекі. У Расіі ютуб стаў фактычна бессэнсоўны, як інструмент інфармацыйнага ўздзеяння. У нас ён пакуль карысны. Дакладна гэтак жа і тыкток, і іншыя месенджары. То-бок мы там таксама працуем. Я маю на ўвазе дзяржаўныя органы, праўладныя грамадскія аб'яднанні, дзяржаўныя СМІ і проста актывістаў, якія лічаць, што трэба максімальна даносіць праўдзівую інфармацыю, у тым ліку і да еўрапейскай аўдыторыі.
Таму планаў зачыняць якія-небудзь сацыяльныя сеткі або месенджары ў нас сёння няма. Але мы да гэтага, у прынцыпе, гатовы ў любы момант. І інструменты падобнага роду ў нас ёсць», — адзначыў Маркаў.
Чыноўнік агучыў і аўдыторыю сацсетак у Беларусі: па яго інфармацыі, у краіне прыблізна 5,5 мільёна карыстальнікаў тыктока, тэлеграм выкарыстоўваюць ад 2,5 да 7,5 мільёна чалавек, інстаграм — каля чатырох мільёнаў.
«Фізічна мы можам іх заблакаваць. Але ці трэба гэта рабіць? Гэта пытанне дыскусійнае. На сёння прэзідэнт абазначыў меркаванне, што такой неабходнасці няма. Бо карысці ад сацсетак і ютуба для людзей і ўлады дастаткова шмат. Наша задача — навучыцца прафесійна працаваць у гэтай сферы», — заявіў Маркаў.