БЕЛ Ł РУС

Суд абавязаў жанчыну прадаць свае чатыры каровы калгасу пад Гомелем

21.02.2025 / 21:21

Nashaniva.com

У Гомельскім раёне суд вырашыў забраць у жанчыны чатырох кароў, бо яна кепска іх даглядала. Жывёл перададуць мясцоваму сельгаспрадпрыемству — КСУП «Урыцкае», а гаспадыні выплацяць кампенсацыю.

Фота ілюстрацыйнае

Паводле інфармацыі прэс-службы Гомельскага абласнога суда, жанчына трымала кароў у цесным і брудным хляве, кепска карміла, не давала ім дастаткова вады і не выводзіла гуляць.

Да таго ж аказалася, што ў яе наогул няма зямлі і магчымасці абсталяваць нармальны хлеў для ўтрымання жывёлы. Той хлеў, дзе каровы жылі, пабудаваны незаконна на чужой зямлі — якраз на той, якая належыць мясцоваму аграпрадпрыемству.

Раней, у маі 2024 года, жанчыну ўжо штрафавалі за жорсткае абыходжанне з жывёламі, а ветстанцыя патрабавала, каб яна выправіла сітуацыю. Але жанчына нічога не зрабіла. Суседзі таксама скардзіліся на тое, як яна абыходзіцца з каровамі.

Калгас прапаноўваў жанчыне выкупіць у яе жывёлу, але тая адмовілася. Тады прадпрыемства звярнулася ў суд.

Суд вырашыў, што жанчына сапраўды жорстка абыходзіцца з жывёламі і пастанавіў забраць у яе чатыры каровы. КСУП «Урыцкае» павінна выплаціць ёй за іх 2 810,89 рубля.

Жанчына спрабавала аспрэчыць рашэнне суда, але абласны суд пакінуў яго ў сіле.

Чытайце таксама:

Пракуратура праверыла фермы Гомельшчыны. Факты жахлівыя

Памятаеце, як па Магілёве гуляў табун коней? Цяпер у тым самым двары пасецца статак кароў ВІДЭА

У Полацкім раёне карова ўпала ў калодзеж. Вось як яе ўратавалі ВІДЭА

Каментары да артыкула