БЕЛ Ł РУС

Хлопец спявае пад дзвярыма былой дзяўчыны серэнады. Кепска ўсім

24.02.2025 / 14:32

Nashaniva.com

Мінчанка звярнулася з незвычайным пытаннем: да іх у пад'езд прыходзіць мужчына, які раней сустракаўся з жыхаркай дома. Па словах жанчыны, ён гучна грукае ў дзверы былой дзяўчыны і спявае серэнады. Прычым робіць гэта рэгулярна: кожную пятніцу і ў выхадныя па начах.

Ілюстрацыйнае фота

Жанчына ўдакладніла, што мужчына ў такія моманты знаходзіцца ў стане ап'янення. Загадзя візіты ён не ўзгадняе і прыходзіць незалежна ад таго, ці дома былая дзяўчына. «Грукае і спявае ёй серэнады. Адразу гэта забаўляла, а цяпер раздражняе: сорамна запрашаць гасцей, ды і заснуць складана. Ці можна нешта зрабіць?» — задалася пытаннем мінчанка.

Журналісты Мінск-навінаў звярнуліся па каментар да ўчастковага.

— Гэтая сітуацыя глыбокая і закранае адразу некалькі праблем. Гучны і безупынны грукат у чужыя дзверы, калі гаспадароў заведама няма дома, можа быць расцэнены як дробнае хуліганства (арт. 19.1 КоАП). За наўмысныя дзеянні, якія парушаюць спакой грамадзян і выяўляюцца ў відавочнай непавазе да грамадства, пакладзены штраф ад 2 да 30 базавых велічынь (84 — 1260 рублёў на сёння), або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт.

Яшчэ важна памятаць, што пад'езд — грамадскае месца. Калі мужчына працяглы час знаходзіцца пад дзвярыма суседкі ў стане алкагольнага ап'янення і паводзіць сябе задзірліва, то ўчастковы інспектар мае права прыцягнуць яго да адміністрацыйнай адказнасці па арт.19. 3 КоАП, а суд — прызначыць пакаранне ў выглядзе штрафу да 8 базавых велічынь (336 рублёў). Чакаць вердыкту грамадзянін можа ў ізалятары часовага ўтрымання.

Таксама ў міліцыі звярнулі ўвагу на яшчэ адну праблему гэтай гісторыі — сталкінг, з якім сутыкнулася дзяўчына. У такой сітуацыі яна таксама можа звярнуцца ў міліцыю.

— Супрацоўнік правядзе з мужчынам прафілактычную гутарку і растлумачыць, што яго паводзіны дастаўляе экс-сяброўцы нязручнасці. У арсенале ўчастковага ёсць і іншыя прэвентыўныя меры, якія дазволяць не дапусціць перарастання псіхалагічнага гвалту ў фізічны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула