БЕЛ Ł РУС

Прапагандысты паказалі памежніка, адказнага за пропуск расійскай арміі ва Украіну

24.02.2025 / 21:28

Nashaniva.com

У гомельскай раёнцы «Маяк» выйшла інтэрв'ю з «найлепшым» начальнікам аддзялення памежнага кантролю Гомельскай памежнай групы маёрам Аляксандрам Смаляком. Паводле інфармацыі выдання «Флагшток», Аляксандр Смаляк у 2022 годзе з'яўляўся намеснікам начальніка аддзялення памежнага кантролю «Новая Гута», ягоным начальнікам быў падпалкоўнік Крышнёў Кірыл Станіслававіч.

Аляксандр Смаляк

У інтэрв'ю маёр Смаляк адзначае толькі гуманітарныя аспекты дзейнасці персаналу памежнага перахода:

«У самым пачатку расійскай спецыяльнай вайсковай аперацыі ва Украіне праз наш пункт пропуску з сумежнага боку праходзіла вялікая колькасць украінскіх грамадзян, якія шукаюць у Беларусі прытулку і абароны. Усім ім аказвалася дапамога, даваліся неабходныя прадукты харчавання, вада і медыкаменты. Проста каля пункта пропуску была размешчаная палатка Чырвонага Крыжа, дзе ўвесь час працавалі валанцёры», — паведаміў памежнік.

Пры гэтым ён маўчыць пра тое, што персанал памежнага пераходу «Новая Гута» прапускаў украінцаў, узятых у палон расіянамі, а таксама пра «трафеі» расійскай арміі — крадзеныя прадметы і аўтамабілі, якія не падлягалі афармленню і ўвозіліся на тэрыторыю Беларусі бесперашкодна.

Таксама памежнік нічога не расказаў пра пропуск калон вайсковай тэхнікі праз суседнія пункты спрошчанага памежнага кантролю: менавіта праз іх ва Украіну бесперашкодна заязджалі габарытныя танкі, БТРы і БМП.

Чытайце таксама:

«Не дайце шанцу «рускаму міру» прарасці ў вас». Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды гадавіны вайны ва Украіне

ЗША галасавалі ў ААН па рэзалюцыі наконт вайны ва Украіне разам з Расіяй і Беларуссю

Да трэцяй гадавіны вайны ва Украіне ў расійскім інтэрнэце ўпершыню з’явіўся антываенны ролік

Стала вядома пра 45 расійскіх генералаў, якія лячыліся ў шпіталях з пачатку вайны, у тым ліку ў Беларусі

Роўна тры гады таму пачалося поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну. Як змянілася Украіна за гэты час

Каментары да артыкула