БЕЛ Ł РУС

Ландсбергіс заклікаў Украіну не падпісваць ніякіх дамоў з ЗША

25.02.2025 / 15:14

Nashaniva.com

Былы міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс у вялікім інтэрв'ю «Украінскай праўдзе» заявіў, што еўрапейцы ўжо страцілі ЗША, з гэтым трэба прызвычаіцца жыць, у тым ліку Украіне. 

Габрыэлюс Ландсбергіс. Фота: AP Photo / Matthias Schrader

Журналісты спыталі ў палітыка, ці згодны ён з тэзісам, што «мы страцілі ЗША?»

— Я б сказаў інакш: нам цяпер трэба рыхтавацца да барацьбы з Расіяй ва ўмовах, калі ЗША больш арыентаваныя на Расію, чым на нас. Я лічу, што слова «страчаны» азначае нешта канчатковае, а гэтага цяпер няма. Вы ведаеце, што на наступным тыдні мы можам убачыць у твітары прэзідэнта [ЗША] нешта, што прынцыпова супярэчыць яго цяперашнім заявам. Гэта цалкам магчыма, — мяркуе Габрыэлюс Ландсбергіс. 

На яго думку, у палітыкі Дональда Трампа, «няма дакладных мэтаў». Але гэта не самая вялікая праблема, мяркуе Ландсбергіс. 

— Самая вялікая праблема Трампа ў тым, што Пуцін яго ўжо злавіў і злавіў у пастку. Трамп апынуўся ў пастцы свайго жадання дасягнуць хуткага мірнага пагаднення. На што Пуцін адказаў: я магу зрабіць так, што вы атрымаеце хуткую ўгоду, калі астатняе не мае значэння. «Астатняе не мае значэння» азначае, што астатняе атрымлівае Пуцін. Гэта значыць, ён атрымлівае ўсё, — кажа палітык.

Тое можна сказаць і пра NATO. Незразумела, як NATO можа функцыянаваць з такой пазіцыяй, якую займаюць Злучаныя Штаты цяпер, кажа палітык:

— Відавочна, што Пуцін падштурхоўвае Трампа да спынення ваеннай прысутнасці ЗША ў Еўропе. Я ніколі не сумняваўся, што ён папросіць аб гэтым. І калі Пуцін паставіць Трампу ўмову — «або вы выведзеце войскі з Еўропы, або вы не атрымаеце хуткай здзелкі», — то гэта зноў загоніць прэзідэнта Трампа ў пастку.

На пытанне, што рабіць Украіне ў гэтых умовах, палітык адказвае:

— Працягвайце змагацца і не бярыце на сябе ніякіх абавязацельстваў. 

Не падпісвайце ніякіх пагадненняў з ЗША. Не згаджайцеся ні на здзелкі па мінеральных рэсурсах, ні на палітычныя пагадненні — ні за што.

Нават калі Трамп вас шантажуе, памятайце, што рашэнне за вамі. Ваш лепшы козыр — гэта сіла, якую ўжо прадэманстравалі ўкраінцы.

У той жа час было б разумна падрыхтавацца да больш цяжкіх часоў. Таму што я ўпэўнены: калі Украіна і Еўропа адмовяцца ад здзелкі Трампа, Пуцін пойдзе на эскалацыю.

Больш за тое, відавочна, што ў гэтым выпадку Трамп можа скараціць амерыканскую дапамогу як Украіне, так і Еўропе ў цэлым, — мяркуе Ландсбергіс.

На яго думку, сітуацыя не безнадзейная, Еўропа мае рэсурсы, каб дапамагчы Украіне. У тым ліку, гэта замарожаныя расійскія актывы. 

— Свет цяпер вельмі хутка мяняецца. Напрыклад, будучы канцлер Германіі Фрыдрых Мерц у сваім першым інтэрв'ю пасля выбараў фактычна сказаў, што яго мэта — падрыхтаваць Еўропу да барацьбы без ЗША. Такім чынам, нават Германія, краіна з моцнымі пасляваеннымі сувязямі са Злучанымі Штатамі і дзесяцігоддзямі агульнай гісторыі з ЗША, будзе мець урад, які скажа: усё скончана. І Украіна таксама павінна гэта ўсвядоміць, — кажа ён.

Ландсбергіс лічыць, што Еўропа не проста павінна паклапаціцца пра сваю абарону — важна, каб Еўропа пераключыла хуткасць неадкладна — «на працягу некалькіх дзён ці тыдняў».

— У адваротным выпадку Еўропа апынецца ў найвялікшай небяспецы, з якой калі-небудзь сутыкаўся кантынент, — мяркуе ён. 

На пытанне, ці магчымы ў гэтым годзе мір, літоўскі палітык адказаў, што ў гэтым годзе «перамір'е магчыма».

— Але вайна будзе працягвацца, пакуль Пуцін не пацярпіць паразу, — кажа ён. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула