Трамп плануе ўвесці «залатыя карты» за $5 мільёнаў для атрымання дазволу на жыхарства
Чакаецца, што «залатыя карты» заменяць візы інвестараў.
Фота: Joe Randle / Getty Images
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што плануе ўвесці так званыя «залатыя карты», якія дадуць магчымасць прэтэндаваць на атрыманне грамадзянства. «Залатая карта», кошт якой складзе 5 мільёнаў даляраў, заменіць візу для інвестараў, якая дзейнічала на працягу 35 гадоў, паведамляе «Голас Амерыкі».
«Яны будуць багатыя і паспяховыя, яны будуць траціць шмат грошай, плаціць шмат падаткаў і наймаць шмат людзей, і мы думаем, што гэта будзе надзвычай паспяхова», — паведаміў Трамп.
Міністр гандлю Говард Лютнік выказаў здагадку, што «Залатая карта Трампа» можа замяніць візы EB-5 на працягу двух тыдняў. EB-5 былі створаны Кангрэсам у 1990 годзе для прыцягнення замежных інвестыцый і былі даступныя людзям, якія ўкладалі каля 1 мільёна долараў у кампанію з не менш чым 10 супрацоўнікамі.
Інвестыцыйныя візы шырока распаўсюджаныя ва ўсім свеце. Кансалтынгавая фірма Henley & Partners сцвярджае, што больш за 100 краін свету прапануюць «залатыя візы» заможным людзям, уключаючы ЗША, Вялікабрытанію, Іспанію, Грэцыю, Мальту, Аўстралію, Канаду і Італію.
Трамп не згадаў патрабаванні да стварэння працоўных месцаў. Прэзідэнт ЗША заявіў, што «залатыя карты» не будуць патрабаваць адабрэння Кангрэса.