БЕЛ Ł РУС

Следам за цюбінгавай пад Гроднам закрылі і лыжную трасу

27.02.2025 / 16:36

Nashaniva.com

У гарналыжным комплексе ў Каробчыцах пад Гроднам закрылі і лыжную трасу. Яе адкрылі пасля закрыцця цюбінгавай, але ўжо на наступны дзень парк актыўнага адпачынку «Каробчыцкі Алімп» паведаміў, што зламаўся пад’ёмнік, піша Hrodna.life.

Парк «Каробчыцкі алімп». Фота: інстаграм парка

Траса для лыж і сноўбордаў, якую ў гэтым годзе адкрылі толькі 21 лютага, ужо з 22 лютага закрылася. Прычынай стала паломка пад’ёмніка, напісалі ў інстаграме комплексу.

Без пад’ёмніка пакатацца таксама немагчыма — на тэрыторыю комплексу нікога не пускаюць.

«Графік працы 2 праз 363? І так з года ў год…» — іранізуюць у каментарах.

Пра аднаўленне працы трасы абяцалі паведаміць асобна, але на гэты момант комплекс усё яшчэ закрыты.

Цюбінгавы схіл гэтай зімой таксама не прапрацаваў і тыдня. Спачатку гэтаму замінала анамальна цёплае надвор’е. Схіл змаглі падрыхтаваць для катання толькі да 15 лютага, а на наступны дзень пасля адкрыцця цюбінгавай трасы ў Каробчыцах там адбыўся няшчасны выпадак: 10-гадовая дзяўчынка сутыкнулася з двума іншымі цюбінгамі і атрымала траўмы.

У выніку трасу закрылі з 20 лютага без тлумачэння прычын, але абяцалі замест падрыхтаваць лыжны схіл.

Чытайце таксама:

Цюбінгавую трасу ў Гродне закрылі пасля некалькіх дзён працы

Яшчэ адно дзіця атрымала траўмы ў Гродне, катаючыся на цюбінгу

У Гродне 10-гадовая дзяўчынка зламала нагу, катаючыся на цюбінгу

Каментары да артыкула