Лукашэнка прапанаваў перадаць частку прэзідэнцкіх паўнамоцтваў іншым органам улады
4 сакавіка, прымаючы кадравыя рашэнні, Аляксандр Лукашэнка даручыў распрацаваць праект указа, які прадугледжвае перадачу часткі яго паўнамоцтваў іншым органам улады, паведамляе «Мінская праўда».
Фота: Pavel Bednyakov / AP
«Трэба падрыхтаваць праект указа, каб да мяне губернатары не звярталіся: з адной крыніцы там, бо паралельнае праектаванне, будаўніцтва і іншае. Хай яны самі прымаюць рашэнні на месцах. У крайнім выпадку няхай узгадняюць з профільнымі віцэ-прэм’ерамі, раз мы павысілі іх узровень. Узгаднілі з імі, а мы будзем кантраляваць. Акрамя адводаў зямель, бо зямельныя пытанні — гэта святое і пакуль застаюцца за прэзідэнтам. А ўсё астатняе хай вырашаюць», — адзначыў сёння Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу на празмерную фармальнасць у працоўных працэсах.
— У асноўным падпісваю і падтрымліваю просьбы мясцовых органаў улады. Хай яны самі і прымаюць рашэнні. З пункту гледжання перадачы паўнамоцтваў на ніжэйшы ўзровень нам трэба разгледзець магчымасці і вызваліць ад гэтых непатрэбных функцый. У крайнім выпадку — міністр, віцэ-прэм’ер па нейкіх пытаннях. І тое — на працягу сутак узгаднілі, і хай губернатары і мясцовыя органы ўлады самі разбіраюцца і будуюць, — падкрэсліў Лукашэнка.