БЕЛ Ł РУС

У Германіі патрабуюць вярнуць абавязковы прызыў у армію ўжо сёлета

4.03.2025 / 14:17

Nashaniva.com

Хрысціянска-сацыяльны саюз (CSU) настойвае, што абавязковая вайсковая служба павінна быць уведзена ў Германіі ўжо ў гэтым годзе. Па словах прадстаўніка па пытаннях абароны Саюза Фларыяна Хана, прыпыненне абавязковай ваеннай службы больш не адпавядае бягучай пагрозе, піша Bild.

Фота: Bernd von Jutrczenka / picture alliance via Getty Images

«Ужо ў 2025 годзе першыя прызыўнікі павінны будуць прайсці праз вароты казармаў. Мы не можам безуважна назіраць, як свет вакол нас становіцца ўсё больш небяспечным», — сказаў Хан.

Для планаванай колькасці ў 203 000 салдат Бундэсверу не хапае яшчэ каля 20 000 чалавек, многія пасады застаюцца вакантнымі. Па дадзеных экспертаў, рэальная баяздольнасць у шэрагу падраздзяленняў складае ўсяго каля 50%.

Патрык Зэнсбург, кіраўнік Асацыяцыі рэзервістаў, падтрымлівае неадкладнае аднаўленне абавязковай вайсковай службы.

«Прынамсі, 20 000 прызыўнікоў мы павінны заклікаць да канца года. Мы можам гэта зрабіць з дапамогай наяўнай інфраструктуры і ўжо існуючых навучальных магутнасцяў. Крок за крокам мы павінны пашырыць абавязковую вайсковую службу. Яна павінна распаўсюджвацца як на мужчын, так і на жанчын», — сказаў Зэнсбург у інтэрв'ю BILD.

Міністр абароны Барыс Пісторыус выступіў за службу ў войску, але супраць абавязковай вайсковай службы. У якасці прыкладу ён прывёў шведскую мадэль абавязковай службы, заснаваную на добраахвотнасці, але з магчымасцю абавязковага прызыву.

У 2011 годзе абавязковая вайсковая служба ў Нямеччыне была прыпыненая.

CSU з'яўляецца рэгіянальнай партыяй, якая дзейнічае выключна ў Баварыі, і ўяўляе сабой партнёрскую арганізацыю Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (CDU), з якім разам утварае альянс, названы «Хрысціянска-дэмакратычным саюзам/Хрысціянска-сацыяльным саюзам» (CDU/CSU) — ён атрымаў на мінулых выбарах у Бундэстаг найбольшую колькасць галасоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула