БЕЛ Ł РУС

Польскае МЗС пастрожыла падыходы да выдачы гуманітарных віз беларусам

5.03.2025 / 10:3

Nashaniva.com

У Польшчы беларусам стане складаней атрымаць гуманітарную візу. Масавая іх выдача скончаная, піша Rzeczpospolita. МЗС Польшчы абмежавала правілы.

За апошнія чатыры гады гуманітарныя візы атрымалі больш за 53,5 тысячы беларусаў. Летась — усяго паўтары тысячы.

Спецыяльная, прызначаная толькі для беларусаў, візавая палёгка ў Польшчы была ўведзеная польскім урадам праз месяц пасля фальсіфікаваных выбараў у Беларусі — у верасні 2020 года, і гэта было адказам на хвалю жорсткіх рэпрэсій у краіне.

Урад увёў мінімальныя працэдуры — заяўнік падаваў мінімальную колькасць дакументаў, заяўкі разглядаліся ў вельмі тэрміновым парадку. Візы былі бясплатнымі.

Цяпер візавыя льготы для грамадзян Беларусі пайшлі ў мінулае, піша выданне.

Новае кіраўніцтва МЗС летась правяло аўдыт усіх візавых працэдур — злоўжыванні былі выяўленыя пры выдачы рабочых, студэнцкіх, PBH (для рэлакацыі IT-спецыялістаў), а таксама гуманітарных віз, прызначаных для беларусаў. З мінулага года колькасць выдачы польскіх віз ва ўсіх катэгорыях скарацілася.

Прадстаўнікі міністэрства патлумачылі, што гэта было звязана ў тым ліку з «залішне свабодным падыходам да іх атрымання з боку грамадзян Беларусі, якія выкарыстоўвалі гуманітарныя візы ў іншых мэтах, у асноўным для падарожжаў па шэнгенскай зоне, а таксама перамяшчэння паміж Беларуссю і Польшчай».

Яшчэ адным довадам стала тое, што механізм гуманітарных віз выкарыстоўваецца беларускімі спецслужбамі. У якасці прыкладу прыводзіцца гісторыя актывісткі «Гавары праўду» Дар'і Астапенкі, асуджанай за шпіянаж у Польшчы.

У цяперашні час «атрыманне візы па гуманітарных прычынах павінна быць звязана з рэальнымі сітуацыямі, непасрэдна звязанымі з пагрозай жыццю або здароўю асобы, якая падае заяву, і яго бліжэйшых сваякоў або крымінальнай адказнасці за дзеянні, накіраваныя супраць уладаў Беларусі».

Калі ж грамадзянін Беларусі запытвае такую візу з іншай краіны, то ягонае хадайніцтва павінна быць дадаткова абгрунтаваным. Віза можа быць запытана аднаразова, паўторны запыт магчымы ў «выключных сітуацыях», якія перашкаджалі перамяшчэнню ў Польшчу на працягу тэрміну дзеяння выдадзенай візы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула