БЕЛ Ł РУС

«Мне было 15, яму 27». Дзяўчына расказала, як беларускі музыкант разводзіў яе на сэкс, калі яна была школьніцай

6.03.2025 / 18:58

Nashaniva.com

На фоне абвінавачванняў расійскага рэпера Oxxxymiron у разбэшчванні малалетняй фанаткі ў інтэрнэце пачалася вялікая дыскусія па гэтай тэме. Некаторыя жанчыны дзеляцца сваім досведам — калі ў мінулым, будучы школьніцамі, яны таксама сутыкаліся з цікаўнасцю з боку больш дарослых мужчын. Адной такой гісторыяй падзялілася беларуска Ілона. Дзяўчына распавяла ў твітары, як да яе заляцаўся экс-клавішнік гурта «Мутнаевока». На той момант Кірылу Тараненку было 27, а Ілоне — 15.

Ілона падрабязна апісала падзеі тых часоў: два тыдні як ёй споўнілася 15, яна трапляе на музычны фестываль, дзе ў тым ліку выступаў гурт «Мутнаевока». Па завяршэнні канцэрта яна падзялілася сваімі ўражаннямі ад іх выступу ў анлайн-суполцы, пасля чаго ёй у прыват напісаў Кірыл.

Скрыншот з твітара

«Мне прылятае паведамленне ад невядомага чэла «як гук?», а я такая: «Ты хто ўвогуле?». Потым знайшла і падумала: «Ваў, крута»», — згадвае першыя эмоцыі Ілона і дадае важны бэкграўнд пра сябе ў той перыяд:

«У мяне няма сяброў, ніколі не было стасункаў, я нават не ўмею цалавацца. Бацькі няма. Дома праблемы. Мне вельмі бракуе ўвагі і кахання».

Ілона пачала актыўна ліставацца з музыкам, яе падкупалі знакі ўвагі артыста. Праз два дні перапіскі яны нават жартам пачалі называць адно аднаго мужам і жонкай.

«Калі ён напісаў, што кахае мяне, я добра памятаю, што расплакалася ад шчасця», — прызнаецца дзяўчына.

Пры гэтым Кірыл да яе ўсё не прыязджаў, знаходзячы адмазкі. Але запрасіў да сябе на канцэрт.

«Я прыехала за 300 кіламетраў (мне ўсё яшчэ 15 гадоў). У калідоры клуба ўбачыла яго і самлела. Я саромелася нават сказаць нешта. Ён мяне абняў, спытаў, як я, сказаў адпачываць. Памятаю, як ганарылася гэтым, бо побач ішлі дзяўчаты і ўбачылі, як мяне абдымае ўдзельнік гурта. Праз 9-10 месяцаў пасля знаёмства ён запрасіў мяне да сябе. Сказаў, што жыве з сябрам у кватэры сястры сябра. Сябар паедзе да дзяўчыны начаваць, і мы будзем удвух».

Ілона згадвае, што ў гасцях ёй было дыскамфортна і страшна. Яна пайшла спаць, а ноччу Кірыл прыйшоў і пачаў чапляцца.

«Мяне скоўвала, я проста ляжала як камень. Ён пачаў мяне цалаваць, я памятаю, як яго рот здаваўся ў разоў пяць большы за мой. Усё ж гэта быў дарослы мужык і я — 45 кілаграмаў. Ён пачаў спускацца рукой ніжэй. Я далей ляжала як камень. Я нічога не магла сказаць і зрабіць».

У выніку, па словах дзяўчыны, Кірыл не дачакаўся ад яе нічога і мастурбіраваў пад коўдрай.

Ілона расказвае, што раніцай з’ехала, але паміж імі адбываўся сэксцінг (перасылка інтымных фотаздымкаў і паведамленняў).

«Можна падумаць, што я сама ўсяго гэтага хацела. Але мне 15, я была рэальна дзіцём. Мне падавалася, што я асаблівая, калі на мяне звярнуў увагу дарослы круты дзядзька».

Кірыл Тараненка. Фота з яго старонкі ў твітары

У нейкі момант Кірыл прыехаў да Ілоны ў госці сам, і ўжо атрымаў жаданы сэкс.

«Я зноў скамянела. Яго не хвалявала, што ляжу як камень».

Па словах дзяўчыны, хлопец заняўся з ёй анальным сэксам.

Ілона кажа, што ўся сітуацыя прыносіла ёй боль. Тым больш, калі Кірыл напісаў, што ў яго ёсць жонка. Але Ілона даравала яму ўсё, бо верыла, што ён яе кахае.

Кірыл (справа) у часы свайго ўдзелу ў гурце «Мутнаевока»

«Калі да мяне пачаў праяўляць увагу дарослы мужык, і ў нейкі момант гэта перарасло ў несяброўскія размовы, мне здавалася, што без сэксу нічога не можа быць. Гэтая праблема мяне пераследавала шмат гадоў».

Вырвацца з таксічных стасункаў дзяўчыне дапамаглі толькі новыя стасункі, і нават у іх музыка працягваў нагадваць пра сябе.

«У маім жыцці было вельмі шмат трэшу, таму я не ведаю, што менавіта на мяне і як паўплывала, але думаю, што гэтыя арэлі зламалі ўва мне нешта», — прызнаецца Ілона.

Пры гэтым яна падкрэслівае, што не абвінавачвае Кірыла ў згвалтаванні, бо яна не сказала «не» і да «рэальнага» сэксу справа дайшла, калі ёй было 16. Але, на яе погляд, калі хлопец даведаўся, што яна непаўналетняя, мусіў адразу спыніць усе падкаты для дасягнення сэксуальнай мэты — так званы грумінг.

«Наша Ніва» звярнулася па каментар да Кірыла Тараненкі ў яго тэлеграме, але ён ніяк не адрэагаваў на просьбу пракаментаваць сітуацыю. Таксама мы накіравалі пытанні іншым удзельнікам групы «Мутнаевока», з якімі Кірыл перасякаўся. Калі мы атрымаем дадатковую інфармацыю па гэтым кейсе, то апублікуем яе асобна.

Чытайце таксама:

«Каб дзеці не смяяліся, ведаючы больш, чым мы». Беларусы расказалі пра сваё палавое выхаванне і першы сэкс

«Усё было проста катастрафічна». Журналіст Тарналіцкі скардзіцца на правальныя спробы знайсці сабе пару ў дадатках для знаёмстваў

«Мне пашчасціла. А Лізе — не». Пасля смерці беларускі ў Варшаве ў сеціве шырыцца хэштэг #хопіцьгвалціць — вось што пішуць 

Каментары да артыкула