БЕЛ Ł РУС

Махляры выпрабоўваюць абсалютна новы і інавацыйны спосаб выманьвання грошай

6.03.2025 / 12:48

Nashaniva.com

Гэта спісанне сродкаў праз прыкладванне карткі да смартфона.

Махляры тэлефануюць ахвяры, прадстаўляюцца супрацоўнікамі банка або іншай крэдытнай арганізацыі і пад рознымі падставамі ўгаворваюць усталяваць фэйкавы банкаўскі дадатак, паведамляе тэлеграм-канал «Обратная сторона».

Гэты дадатак мае назву і лагатып рэальнага банка, што не выклікае падазрэнняў.

Пасля запуску дадатак просіць для ўваходу прыкласці банкаўскую картку да задняй панэлі тэлефона і ўвесці PIN-код.

Неасцярожная ахвяра прыкладвае картку, і ўсе даныя перадаюцца на тэлефон махляра.

У гэты час зламыснік знаходзіцца каля банкамату і праз свой смартфон здымае грошы з карткі пацярпелага.

У міліцыі просяць не ўсталёўваць банкаўскія дадаткі па спасылках з SMS, месенджараў або званкоў! Загружайце толькі з афіцыйных крам (Google Play, App Store).

Не прыкладайце картку да тэлефона па патрабаванні незнаёмых праграм і не перадавайце PIN-код нікому, нават калі вам кажуць, што гэта неабходна для бяспекі.

Таксама варта правяраць сапраўднасць званкоў ад «банка» — самастойна ператэлефанаваць у фінансавую ўстанову па афіцыйным нумары.

Калі падазраеце махлярства, тэрмінова звяжыцеся з банкам і заблакуйце картку!

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула