БЕЛ Ł РУС

Ярмошына: Мой бацька-ўкраінец браў удзел у першай СВА — выбіваў Бандэру з лясоў на Валыні

7.03.2025 / 14:39

Nashaniva.com

Былая старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына згадала некаторыя дэталі біяграфіі свайго бацькі.

Лідзія Ярмошына. Фота: sb.by

«У дзяцінстве кожнае лета бацька нас пагружаў у машыну, і мы абавязкова ехалі на яго радзіму ў Палтаўскую вобласць», — прыгадала Ярмошына ў інтэрв'ю БТ.

Удакладняе: яе бацька — «чыстакроўны ўкраінец», але для яго «галоўнай радзімай стала Беларусь». Прычына ў тым, што сям'я была раскулачана.

«Сям'я майго бацькі (хоць гэта былі звычайныя сярэднякі) была раскулачана і пазбаўлена ўсяго. У выніку з васьмёх дзяцей выжыла толькі чацвёра. І дзед таксама памёр. Мая бабуля выкапала брацкую магілу. У яе грошай не было, каб пахаваць пяцёх.

Як можа мой бацька ставіцца да Украіны? Для яго гэта мачаха», — даводзіць Ярмошына.

Яна расказвае некаторыя факты біяграфіі бацькі — Міхаіла Гаркавенкі:

«Бацька ў 1941-м пайшоў на вайну. Яму яшчэ не было 20. Ён 1921 года, але лістападаўскі. Ваяваў хіба што добра, таму яго адправілі на такія кароткатэрміновыя афіцэрскія курсы, з якіх ён выйшаў артылерыйскім афіцэрам. Потым яго любімай песняй была «Артылерысты, Сталін даў загад».

Ён ардэнаносец. Больш за тое, мой бацька — удзельнік першай СВА (спецыяльнай ваеннай аперацыі, гэта прапагандысцкая назва вайны. — НН). Мой бацька выбіваў Бандэру з валынскіх лясоў. Гэта быў 1946 год. Бо Сталін як зрабіў? Ён адправіў, так сказаць, знішчаць менавіта гэтыя ўкраінскія бандфарміраванні ўкраінцаў. Ну вось і яны… Бацька ордэн атрымаў Баявога Чырвонага Сцягу менавіта там, у ходзе гэтай аперацыі».

Ярмошына дадае, што яе бацькі пазнаёміліся ва ўкраінскім Луцку. У гэты горад яе маці, руская па нацыянальнасці, была накіравана на працу.

«І потым увесь астатні час, не лічачы невялікай службы ў Оўручы (гэта Жытомірская вобласць) мае бацькі пражылі ў Беларусі. Бацька, праўда, яшчэ ў Казахстане, у Германіі служыў. Таму бацька вельмі любіў Беларусь, пакланяўся ёй. Мае бацькі пахаваныя тут», — даводзіць Ярмошына.

Раней яна згадвала, што бацькі развяліся, калі ім было пад 60 гадоў: «Яны зусім не пасавалі адно аднаму. Тата проста загуляў пад старасць гадоў».

Чытайце таксама:

Ярмошына прызналася, якія згрызоты сумлення ў яе былі. Але гэта не праз фальсіфікацыі

Ярмошына расказала, як апазіцыя нібыта спрабавала яе падкупіць

Гісторыя ўзлёту бабруйскай юрысткі Лідзіі Ярмошынай

Ярмошына: Я не магу падтрымаць культ асобы Сталіна. Сям'я майго бацькі была раскулачаная, палова загінула

Каментары да артыкула