Прэм'ер Літвы не выключае, што ЗША могуць паспрабаваць прымусіць Вільню зняць санкцыі з беларускага калію
Паводле звестак літоўскіх спецслужбаў, Беларусь спрабуе лабіяваць зняцце санкцый і аднаўленне экспарту праз порт у Клайпедзе.
Гінтаўтас Палуцкас. Фота: Augustas Didžgalvis / Wikimedia Commons
Прэм'ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас не выключае ціску з боку ЗША па пытанні беларускага калію.
Кіраўнік літоўскага ўрада мяркуе, што стратэгічныя партнёры могуць папрасіць Вільню аднавіць экспарт угнаенняў праз порт у Клайпедзе, паведамляе LRT.
«Найперш, трэба больш грунтоўна разабрацца, хто на самой справе зацікаўлены ў гэтым, бо, мяркуючы па ўсім, пасля ўвядзення дадатковых тарыфаў для Канады ЗША шукаюць больш танныя крыніцы ўгнаенняў. Я б не выключыў такой магчымасці, што ў найбліжэйшы час нашы стратэгічныя партнёры могуць папрасіць нас перагледзець гэтыя санкцыі», — адзначыў Палуцкас.
Пры гэтым прэм'ер-міністр запэўніў, што пытанне змякчэння санкцый супраць Беларусі ва ўрадзе не разглядаецца.
«Урад пакуль такіх планаў дакладна не мае», — падкрэсліў ён.
У апублікаванай справаздачы Дзяржаўнага дэпартамента бяспекі і Другога дэпартамента аператыўных службаў па ацэнцы пагроз нацыянальнай бяспецы адзначаецца, што беларускія дзяржаўныя структуры спрабуюць аднавіць экспарт калійных угнаенняў праз Клайпедскі марскі порт.
У дакуменце ўказваецца, што прадстаўнікі беларускіх устаноў вядуць лабісцкую дзейнасць з мэтай змяніць пазіцыю Літвы і ЕС у адносінах да санкцый, а кампанія «Беларуськалий» імкнецца захаваць дзелавыя сувязі ў Літве.