Гігін расказаў, што зменіцца практыка пакарання за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў
Лукашэнкаўскія эксперты збіраюцца ўрэгуляваць некаторыя моманты ў тым, што яны будуць лічыць злачынным распаўсюдам матэрыялаў, якія ўлады абвяшчаюць экстрэмісцкімі, а што — не. Пра гэта без дадатковых падрабязнасцяў напісаў прапагандыст і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін.
Прапагандысты ў акупаваным Мелітопалі. Фота: Яўген Баліцкі
Якія менавіта гэта будуць змены, пакуль не вядома, але кантэкст спрэчкі дае надзею, што гаворка не пра закручванне гаек.
Увагу Гігіна і іншых прапагандыстаў прыцягнуў выхад кнігі расійскага імперскага гісторыка Аляксандра Дзюкава «Невядомая дакументальная спадчына Канстанціна Каліноўскага. З архіўных пошукаў 2022—2024 гадоў». Сярод крыніц, на якія спасылаецца Дзюкаў, — працы Сяргея Абламейкі, апублікаваныя на «Радыё Свабода», абвешчанага лукашэнкаўскімі ўладамі экстрэмісцкім.
Сярод прапагандыстаў сталі гучаць папярэджанні, што такую кнігу нельга набываць беларусам — бо гэта можа трактавацца як распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
Супраць такога падыходу горача выступіў Рыгор Азаронак, які заўважыў, што «навуковае выданне, на тое і навуковае выданне, што ў ім дазваляецца, напрыклад, спасылацца на «Майн Кампф» пры даследаванні фашызму», — прывёў свой аргумент ён.
Тэлеграм-канал «Графач», звязаны з міністрам інфармацыі Маратам Маркавым, запярэчыў: у цяперашнім заканадаўстве няма ніякіх выключэнняў для навуковых ці нейкіх іншых мэтаў, таму фармальна кніга парушае заканадаўства Беларусі.
Да абмеркавання далучыўся і Вадзім Гігін.
«Зараз якраз ідзе экспертная праца па ўпарадкаванні процідзеяння экстрэмісцкім матэрыялам. У выніку ўсе спрэчныя моманты будуць урэгуляваны, у тым ліку і парадак цытавання ў навуковых публікацыях», — адкрыў ён інсайд.
У Беларусі распаўсюдам экстрэмізму лічыцца любая спасылка на незалежныя рэсурсы, якія ўлады абвяшчаюць экстрэмісцкімі.