Расія ўдарыла па Крывым Розе, Адэсе і Харкаву
Мінімум пяць чалавек загінулі. Таксама пра атаку расійскіх дронаў паведамілі ў ваеннай адміністрацыі Кіеўскай вобласці.
Наступствы ўдару па крывым Розе. Фота: Сяргей Лысак / Telegram
У Адэсе расійскі ўдар прыйшоўся па партовай інфраструктуры, чатыры чалавекі загінулі. Усе яны — грамадзяне Сірыі, напісаў у сваім тэлеграм-канале віцэ-прэм'ер-міністр па аднаўленню Украіны Аляксей Кулеба.
«Самаму малодшаму загінуламу было 18, самаму старэйшаму — 24 гады. Яшчэ два чалавекі атрымалі раненні — украінец і сірыец. Ім аказваецца неабходная дапамога», — удакладніў ён.
Пашкоджанае судна ў Адэсе. Фота: Аляксей Кулеба / Telegram
У момант удару адно з пашкоджаных суднаў загружала пшаніцу для экспарту ў Алжыр. Таксама пашкоджана яшчэ адно судна, прычалы і склады, напісаў Кулеба.
У Крывым Розе праз абстрэл раненні атрымалі 15 чалавек, дзевяць з іх знаходзяцца ў цяжкім стане. Па словах начальніка мясцовай АВА Сяргея Лысака, адна 47-гадовая жанчына загінула.
«Пад прыцэлам былі грамадзянскія аб'екты. Знявечаныя інфраструктура, шматпавярховікі, адміністратыўныя будынкі, аўтобусы, гаражы, больш за паўтара дзясятка легкавых аўтамабіляў, крамы, навучальная ўстанова. Пажары, якія ўзніклі з-за траплення, ужо патушылі», — дадаў Лысак.
Наступствы ўдару па Крывым Розе. Фота: Сяргей Лысак / Telegram
У Харкаве расійскі дрон патрапіў паміж прыватнымі будынкамі ў Шаўчэнкаўскім раёне горада, паведаміў мэр горада Церахаў.
Учора Уладзімір Зяленскі паведаміў, што па выніках перамоў дэлегацый Украіны і ЗША ў Саудаўскай Аравіі Украіна гатова на спыненне агню на 30 дзён, калі на гэта пойдзе Расія.