БЕЛ Ł РУС

Халезін: Жыццё пасля смерці існуе, мы ўсе жывём у грыбной матрыцы

12.03.2025 / 20:6

Nashaniva.com

Вядомы беларускі драматург, сузаснавальнік і арт-дырэктар Беларускага свабоднага тэатра Мікалай Халезін у сваім кулінарным шоу падзяліўся «закрытай інфармацыяй» аб тым, куды людзі трапляюць пасля смерці.

Мікалай Халезін. Скрыншот з відэа: Перетрем с Халезиным / YouTube

Драматург расказаў, што пасля смерці, дзе б мы ні апынуліся, у зямлі ці на зямлі, з намі «пачынаюць працаваць грыбы». Яны прарастаюць праз нас, перапрацоўваюць нас у іншую субстанцыю і гэтак далей. Так, на думку Халезіна, мы працягваем існаваць.

«Мы працягваем змяняць гэты свет, таму што мы на яго ўплываем. Можа быць, нават больш, чым цяпер, у нашым жыцці. А потым мы становімся часткай гэтай усюдыіснай, усёпранікальнай грыбной матрыцы, якая ў нас па ўсёй планеце.

І не толькі па ўсёй планеце, яна ж таксама трапіла сюды з космасу. У выніку гэта і ёсць наша вечнае жыццё. Мы жывём у гэтай грыбной матрыцы і нічога з гэтым зрабіць не можам, мы не можам з яе выскачыць, не можам з яе збегчы», — сказаў ён.

Халезін зазначыў, што рэлігіі, якія сцвярджаюць пра жыццё пасля смерці, маюць рацыю. На яго думку, пытанне толькі ў тым, дзе, як і «чаму гэта грыб, а не дзед з барадой?».

Тое, што жыццё пасля смерці існуе — «закрытая інфармацыя». Драматург упэўнены, што людзі будуць на сенсацыю рэагаваць — «капіпасціць, дасылаць сябрам».

Мікалай Халезін — сузаснавальнік і арт-дырэктар Беларускага свабоднага тэатра. Ён быў заснаваны ў 2005 годзе ў Мінску, але цяпер у краіне не працуе праз палітычную цэнзуру. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула