Пасля нападак праўладных актывістаў у Мінску закрылі выставу «Беларускі бестыярый»
Праца выставы «Беларускі бестыярый» у галерэі «Мастацтва» была запланавана да 22 сакавіка, але сёння ў сацсетках праекта з'явіўся пост аб закрыцці экспазіцыі. Наведаць яе можна было ўсяго два дні.
Фота з выставы «Беларускі бестыярый». Фота: «Звязда»
«Сябры! Па незалежных ад нас прычынах выстава Беларускага бестыярыя закрыта. Экскурсій больш не будзе», — паведамілі арганізатары.
Аўтары выставы дадалі, што аўдыягід па экспазіцыі зробяць агульнадаступным.
Фота: «Звязда»
12 сакавіка, на другі дзень ад адкрыцця выставы, тэмай экспазіцыі абурылася праўладная актывістка і мастачка Святлана Жыгімонт.
«Цудоўныя выставы праходзяць у Палацы ў Вялікі пост», — напісала яна.
Яе незадаволенасць падхапілі Вольга Бондарава і Аляксандр Плавінскі. Яны ўгледзелі ў тэматыцы беларускіх міфаў і казак сатанізм і неапаганства.
«Засталося толькі асвяціць выставачную залу галерэі мастацтва і некаторых недамастакоў, апантаных д'яблам, святой вадой. Зараз на гэтым месцы рыхтуецца новая экспазіцыя карцін», — напісаў Плавінскі і апублікаваў фоты таго, як выстаўку здымаюць.
Завяршэнне выставы «Беларускі бестыярый». Фота: Плавинский Александр — Инфоспецназ / «Вконтакте»