БЕЛ Ł РУС

Чыноўніца Гомельскага аблвыканкама ў размове з блогерам прызналася ў палітычных чыстках

13.03.2025 / 23:19

Nashaniva.com

Вядомы блогер-пранкер Андрэй Павук разгаварыў намесніцу начальніка Галоўнага ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Анастасію Лысенку. Яна не пазнала блогера і расказала яму пра палітычныя чысткі ў сваёй галіне, піша «Флагшток».

Скрыншот відэа Андрэя Павука

Блогер задаў пытанне чыноўніцы, прывёўшы словы Лукашэнкі пра тое, што «ворагі дзяржавы сядзяць да пары да часу пад венікам»:

«У вашай структуры такіх дастаткова. Больш, чым дзе-небудзь. Гэтага быць не павінна», — сказаў Лукашэнка міністру культуры.

— Ёсць у вас такія, як у вас з чысткамі? — спытаў Павук.

— Так. Гэтыя факты былі, і 2020-ты год, на жаль ці на шчасце, напэўна, паказаў тое, што ў любых галінах нашай эканомікі, у тым ліку і ў сацыяльнай сферы, такія факты былі. Яны былі, і мы лічым, што відавочныя прадстаўнікі, якія не падтрымліваюць дзяржаўную ўладу, яе будову і гэтак далей, не маюць права працаваць у дзяржаўных бюджэтных арганізацыях, — адказала Лысенка.

Яна дадала, што, «на жаль, у нашай галіне былі такія прадстаўнікі — гэта не ёсць добра»:

«Сталіцу гэта закранула больш, заходнія рэгіёны — яшчэ больш. А мы неяк адрэагавалі на гэта спакайней. Аднак факты былі, і мы іх ведаем».

У сваім відэа блогер нагадаў, што ў артыкуле 14 Працоўнага кодэкса Беларусі гаворыцца пра тое, што абмежаванне ў працоўных правах у залежнасці ад палітычных перакананняў з'яўляецца дыскрымінацыяй.

Чытайце таксама:

«Взвейтесь кострами» ў іншай форме вярнулася ў школы». Што цяпер адбываецца ў беларускай адукацыі?

Што чуваць у РТБД пасля чыстак рэпертуару і звальнення найбольш зорных акцёраў?

«Ніхто з кіраўніцтва з ім не спрачаецца». Якія былыя сілавікі абселі кіраўнічыя пасады буйных беларускіх прадпрыемстваў

Каментары да артыкула