БЕЛ Ł РУС

Апейкін пахваліўся, што ў яго ўсё добра. Таму можа піць у Венецыі каву па 15 еўра

14.03.2025 / 16:33

Nashaniva.com

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін рашуча адказаў тым, хто не ацаніў ягоныя густы — а канкрэтна тое, што ён зайшоў у дарагое кафэ «Фларыян» на плошчы Сан-Марка ў Венецыі.

Аляксандр Апейкін. Фота: сацсеткі

«Нядаўна я даведаўся, што ў мяне ёсць хейтары. Ім не спадабалася, што я піў каву ў Венецыі ў кафэ «Фларыян» за 15 еўра. Мабыць, па іх логіцы я чамусьці павінен дрэнна выглядаць, піць каву «тры ў адным», жыць пад мастом і харчавацца пратэрмінаванымі прадуктамі з дыскаўнтараў. Бо толькі так можна перамагчы дыктатуру», — абурыўся Апейкін у сацсетках.

Ён запэўніў падпісчыкаў, што нават у перыяд геапалітычнай нявызначанасці мае прыстойныя поспехі ў асабістых справах і бягучых праектах.

Аляксандр Апейкін. Фота: сацсеткі

«Не варта забываць, што ў першую чаргу я добры спартыўны спецыяліст. Арганізацыйнае развіццё, спартыўны маркетынг і спонсарства — вось мой ключавы шматгадовы профіль. І на гэты момант маю на руках некалькі прапаноў па супрацоўніцтве з добрымі спартыўнымі брэндамі і арганізацыямі.

Таксама займаю ключавыя пазіцыі ў дзвюх грамадскіх арганізацыях — Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці і Athletes for Freedom Foundation (USA)».

Апроч таго, Апейкін падзяліўся, што ўвайшоў у нейкі спартыўны стартап з доляй 1,5%.

«І так, я не толькі ў Венецыі ў кафэ «Фларыян» каву піў, я яшчэ і ў гатэлі «Чэрчыль» у Вашынгтоне спыняўся», — пахваліўся выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці.

Чытайце таксама:

Герасіменя: Апейкіну трэба надаваць па руках, бо ён шмат дзе ўжо нашкодзіў

«З вашай рыторыкай можна сказаць, што і Лукашэнка любіць Беларусь». Словы Апейкіна ў фэйсбуку ўзнялі спрэчку

Апейкін напісаў, што ўсім беларусам-эмігрантам трэба адначасова вярнуцца на радзіму. Спыталі, як ён сабе гэта ўяўляе

Каментары да артыкула