Памёр гомельскі бяздомны Алег, які ўражваў сваёй эрудыцыяй
Алег памёр яшчэ 16 лютага, але вядома пра гэта стала толькі сёння. Пра смерць паведаміў у сваім інстаграме блогер Анатоль Rubakha Go.
Rubakha Go апекаваўся некалькімі бяздомнымі ў Гомелі, і адным з іх быў Алег — вельмі эрудзіраваны чалавек, які адказваў на розныя інтэлектуальныя пытанні.
У канцы студзеня Алег знік, яго шукалі больш за дзесяць дзён. Як высветлілася, Алег трапіў у бальніцу з сур'ёзнымі праблемамі з лёгкімі. У выніку ў рэанімацыі ён правёў некалькі дзён і памёр 16 лютага.
У каментарах да допісу людзі выказваюць спачуванні з прычыны смерці Алега, называючы яго хадзячай энцыклапедыяй і светлым чалавекам.
Rubakha Go расказаў, што па Алегу будзе заказана памінальная служба, арганізаваны памінальны стол і заклікаў людзей, што ведалі яго, маліцца за яго душу.
Чытайце таксама:
Бяздомны-эрудыт, які знік у Гомелі, знайшоўся ў рэанімацыі. Ён вядомы па блогу папулярнага тыктокера
Блогер Rubakha Go набыў кватэру гераіні сваіх ролікаў Вікторыі