БЕЛ Ł РУС

Намеснік міністра інфармацыі выказаўся пра забароненыя кнігі

6.04.2025 / 17:30

Nashaniva.com

Спыняцца папаўняць спіс «экстрэмісцкіх» кніг не збіраюцца.

«Пералік такой літаратуры мы вядзем з 2023 года, — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі ў інтэрв'ю «Вячэрнему Мінску». — У спісе цяпер 65 выданняў, але, на жаль, ён пашыраецца. У асноўным аўтары такой непажаданай літаратуры — прадстаўнікі ЗША, краін Еўрасаюза. Гэта кнігі, якія прапагандуюць жорсткасць, гвалт, тое, што нам абсалютна чужое і непрымальнае, яны здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам. Спіс апублікаваны на сайце Міністэрства інфармацыі.

З такімі выданнямі мы змагаемся. Пастаянна праводзім маніторынг продажаў кніг, у тым ліку ў інтэрнэце, і, на жаль, выяўляем факты прапановы такой літаратуры. Таму мы працягнем прафілактычную працу з распаўсюднікамі кніг, каб яны не заказвалі літаратуру выключна па малюнку, назве і кароткай анатацыі, але таксама выконвалі дзеючае ў Беларусі заканадаўства».

Насамрэч у спісе забароненых цяпер 92 выданні.

Намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі. Фота: «Мінск-Навіны»

Адзначым, што ў гэтым спісе ёсць кнігі беларускіх пісьменнікаў і гісторыкаў. Сярод іх — «Апошняя кніга пана А.» Альгерда Бахарэвіча, «Ваенная гісторыя Беларусі. Герой. Сімвал. Колер» Віктара Ляхора, «Айчына: Маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкi» Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава. Іх забарона прадыктавана непажаданым поглядам на гісторыю краіны або «нелаяльнасцю» асобы аўтара. З замежнай літаратуры нядаўна спіс забароненых уладамі кніг папоўнілі «Воблачны атлас» Дэвіда Мітчэла, «Калыханка» Чака Паланіка, «ГУЛАГ» Эн Эплбаум. 

Сам чыноўнік на нядаўняй кніжнай выставе ў Мінску набыў сабе кнігу дэпутата і гісторыка Ігара Марзалюка «Ад Русі і Літвы да Беларусі: вытокі і генезіс беларускага народа».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула