Мітрапаліт Веніямін расказаў, што думае пра развіццё ў Беларусі манастырынгу
У Барысаве рэгіянальныя дзяржаўныя СМІ Мінскай вобласці сабраліся абмеркаваць пытанне свайго ўзаемадзеяння з Рускай праваслаўнай царквой з патрыяршым экзархам усяе Беларусі, мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам. На прэс-канферэнцыі яму задалі пытанне, ці плануецца ў Беларусі развіваць паводле расійскага ўзору так званы манастырынг.
Фота: Мінская праўда
Манастырынгам называюць спосаб адпачынку, калі людзі едуць на нейкі час жыць і працаваць у манастыр.
Як сцвярджае Веніямін, у Беларусі таксама нібыта
«многія імкнуцца паехаць у манастыр, пабыць там нейкі час. І ў Жыровічы, і ў Полацк. Гэта вельмі дапамагае перазагрузіцца».
Пры гэтым ён успомніў пра не названага па імені буйнога прадпрымальніка, які раней «ездзіў па розных краінах», але калі некалі дапаў да славутага грэчаскага Афона — то з таго часу вырашыў ездзіць толькі туды.
«І ў нас, вядома, ёсць месцы, куды па аналогіі можна прыехаць, пабыць і перазагрузіцца, кажучы сучаснай мовай», — заявіў мітрапаліт, але пры гэтым адзначыў, што такі адпачынак мае свае нюансы і не кожнаму даступны:
«Бывае так, што першы час людзям, якія знаходзяцца там, неяк няёмка. Другі дзень — ужо прасцей. А на трэці — не хочуць з'язджаць. Таму калі ехаць у манастыр, то не менш, чым на тры дні».
Але насамрэч гэта можа і сур'ёзна зацягнуць:
«Той, хто ўжо пабываў адзін раз, зайшоўшы за манастырскую агароджу — ужо адчувае нейкі асаблівы спакой, супакаенне. Пра гэта неаднаразова чуў у Траецкім манастыры. Людзі дзівяцца. Кажуць, заходзіш сюды, ціха, спакойна, выходзіш за вароты, літаральна пяць метраў, ужо іншыя настрой і пачуцці».
Чытайце таксама:
У Беларусі хочуць вярнуць адказнасць за нецэнзурную лаянку
Каго лічыць асабістым святаром Лукашэнкі?