У Кітаі заявілі, што не адпраўлялі сваіх грамадзян ваяваць за Расію
МЗС Кітая заявіў, што не накіроўваў сваіх вайскоўцаў для ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. Па словах афіцыйнага прадстаўніка ведамства Лінь Цзяня, Пекін паслядоўна патрабуе ад сваіх грамадзян пазбягаць любой ўцягнутасці ва ўзброеныя канфлікты.
Адзін з кітайскіх палонных, паказаных украінскім бокам. Скрыншот з відэа
Каментар кітайскага боку быў выдадзены пасля ўчарашняй заявы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які паведаміў пра ўзяцце ў палон у Данецкай вобласці двух грамадзян Кітая. Таксама прэзідэнт Украіны адзначыў, што ўкраінская разведка валодае інфармацыяй пра прысутнасць у шэрагах расійскай арміі куды большай колькасці кітайцаў.
МЗС Украіны выклікала часовага паверанага ў справах Кітая, запатрабаваўшы тлумачэнняў і падкрэсліўшы, што ўдзел грамадзян КНР падрывае нейтралітэт Пекіна і давер да яго як да пастаяннага члена Рады бяспекі ААН.
Афіцыйны Пекін пачаў праверку гэтых звестак. Пры гэтым прадстаўнік кітайскага МЗС заявіў:
«Неабходна падкрэсліць, што ўрад Кітая заўсёды патрабуе ад сваіх грамадзян трымацца далей ад зон узброеных канфліктаў і пазбягаць любога ўдзелу ў іх, асабліва ў складзе ўзброеных сіл якога-небудзь з бакоў».
Чытайце таксама:
Зяленскі расказаў пра ўзяцце ў палон кітайцаў, якія ваявалі за Расію
«Сядзеў сем разоў за крадзяжы». Каларытны беларус трапіў ва ўкраінскі палон, паваяваўшы тыдзень
Украіна вярнула целы больш чым 900 загінулых вайскоўцаў
12 украінскіх ваеннапалонных з «Азова» асудзілі на тэрміны ад 13 да 23 гадоў. Яшчэ 11 — завочна