«Англічанка» шкодзіць! Батанікі папярэдзілі пра новы інвазіўны від, ад якога няма ратунку
Расліна, выпадкова выведзеная як прыгожая дэкаратыўная культура, сёння трапіла ў спісы самых небяспечных інвазійных відаў свету. Яна выціскае мясцовыя віды, разбурае глебу і лёгка захоплівае новыя тэрыторыі — ад дарог да абалоняў.
Рэйнутрыя багемская. Фота: Wikimedia Commons
На выгляд — звычайная шматгадовая расліна да 2,5 метраў вышынёй, з доўгімі яйкападобнымі лістамі і далікатнымі ружавата-белымі кветкамі. Прыгожа цвіце з ліпеня да кастрычніка, калі цёплая восень, то можа ўтварыць дробныя арэшкі. З-за сваіх дэкаратыўнах якасцяў яна прыйшлася даспадобы дачнікам. Але за прыгожай знешнасцю хаваецца настойлівы і агрэсіўны заваёўнік.
Гаворка ідзе пра рэйнутрыю багемскую (Reynoutria bohemic) — гібрыд дзвюх усходнеазіяцкіх раслін: сахалінскай грэчкі (сахалінскай рэйнутрыі) і яе блізкага родзіча — японскай рэйнутрыі. Звычайна яны не сустракаюцца ў прыродзе побач, але ўсё змянілася, калі абедзве трапілі ў адзін батанічны сад у Вялікабрытаніі. Расліны, якія раслі непадалёк, далі ў выніку гібрыд, які назвалі рэйнутрыяй багемскай. Яна ўтварыла жаночы клон, які пачаў сваё падарожжа па Еўропе.
Спачатку ніхто не падазраваў бяды. Наадварот — у сярэдзіне XIX стагоддзя новая расліна стала папулярным упрыгожаннем паркаў і сядзіб. Вельмі хутка рэйнутрыя багемская распаўсюдзілася па ўсёй Заходняй Еўропе як экзатычная дэкаратыўная культура. У ёй бачылі суцэльныя плюсы: прыгожая, хутка расце, не патрабуе асаблівага догляду.
З цягам часу расліна так добра прыстасоўвалася да новага месца, што пачала расці не толькі там, дзе яе садзілі. Яшчэ ў 1880-х гадах у ЗША заўважылі, што рэйнутрыя сама распаўсюджваецца ўздоўж дарог і рэк. У Еўропе гэтая расліна таксама паступова выбіралася з садоў у дзікую прыроду.
У другой палове ХХ стагоддзя рэйнутрыя ператварылася ў сур’ёзную экалагічную праблему. Першыя выпадкі дзічэння рэйнутрыі багемскай зафіксавалі ў 1970-х гадах. У многіх краінах яна пачала масава захопліваць пусткі, узбочыны дарог, закінутыя тэрыторыі.
Распаўсюджанасць рэйнутрыі багемскай у Беларусі. Крыніца: ias.by
Беларусь: новая тэрыторыя
Па інфармацыі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах гэты інвазіўны від у нашай краіне можна сустрэць у парках, садах, на дачных участках. Рэйнутрыя багемская выкарыстоўваецца для азелянення населеных пунктаў, высаджваецца на могілках і дачных участках. Расліна сустракаецца ўздоўж дарог, на пустках, сметніках, па берагах вадаёмаў, часам на ўзлесках хваёвых, лісцевых і змешаных лясоў.
Рэйнутрыя багемская стварае суцэльныя зараснікі, дзе не застаецца месца іншым раслінам. Яна змяняе хімічны склад глебы: выцягвае карысныя рэчывы, спрыяе яе засольванню і закісленню. Як вынік — мясцовыя віды проста знікаюць. Нават колькасць насякомых у гэтых зарасніках у разы меншая, чым у звычайным пустазеллі.
Асабліва небяспечная рэйнутрыя ў поймах рэк: выцясняючы мясцовыя травы, яна пазбаўляе глебу натуральнай абароны ад змыву падчас паводак, што можа прывесці да эрозіі берагоў.
Ціхая экспансія
Рэйнутрыя выдатна прыстасаваная да жыцця: вытрымлівае маразы, засуху, любіць сонца, але і цень ёй не страшны. Добра сябе адчувае ў гарадах і сельскай мясцовасці, расце на любых глебах, асабліва вільготных і слабакіслых.
У нашых умовах рэйнутрыя багемская распаўсюджваецца пераважна вегетатыўна. Гэта, між іншым, звязана з познім цвіценнем і немагчымасцю паспявання насення з-за нізкіх тэмператур.
Ад расліны практычна немагчыма пазбавіцца. Праблема ў тым, што ўсе звычайныя метады барацьбы з пустазеллем тут не працуюць. Сістэма каранёў у рэйнутрыі надзвычай магутная: яна распаўсюджваецца пад зямлёй на некалькі метраў, у тым ліку пад пабудовамі. Таму выкопванне неэфектыўнае, бо нават малюсенькі кавалачак каранёў вагой усяго 5 грамаў дае жыццё новай расліне, якая можа прабіцца нават скрозь метр зямлі ці 5-сантыметровы пласт асфальту.
Фота: ias.by
Скошванне робіць толькі горш, бо стымуле рост новых парасткаў. Гербіцыды тыпу «Раўндапа» могуць даць вынік, але іх выкарыстанне часта абмежаванае — асабліва каля вадаёмаў, у поймах рэк і на прыродаахоўных тэрыторыях. Акрамя таго, патрэбная шматразовая і дакладная апрацоўка, якая не гарантуе поўнага вынішчэння.
Знішчэнне рэйнутрыі багемскай — справа доўгая, дарагая і часта безвыніковая. Яе магутная каранёвая сістэма настолькі моцная, што можа нават падымаць падмуркі невялікіх садовых дамкоў. У Еўропе перад купляй дома купцы абавязкова правяраюць, ці няма на ўчастку рэйнутрыі. Калі ёсць — кошт нерухомасці зніжаецца прыкладна на 10 працэнтаў, бо новым уладальнікам давядзецца спачатку выдаляць расліны, перш чым пачаць там жыць.
Расліны роду рэйнутрыя ўключаныя ў спіс 100 самых агрэсіўных інвазійных відаў у свеце, а таксама ў еўрапейскія і расійскія чорныя спісы. У Беларусі рэйнутрыя багемская прызнаная інвазійным відам, які патрабуе маніторынгу і кантролю.
Што ж рабіць? Перш за ўсё — не давайце ёй шанцу. Не садзіце рэйнутрыю, нават калі яна здаецца прыгожай або экзатычнай. Калі заўважылі — не адкладайце барацьбу. Памятайце, гэта не звычайнае пустазелле, а сапраўдны «зялёны захопнік», які хутка становіцца гаспадаром тэрыторыі — і пазбавіцца ад яго потым надзвычай складана.