БЕЛ Ł РУС

Ці варта чакаць наплыву ў Беларусь пакістанскіх гастарбайтараў?

11.04.2025 / 23:29

Nashaniva.com

11 красавіка на перамовах у Мінску Аляксандра Лукашэнкі і прэм'ер-міністра Пакістана Шахбаза Шарыфа бакі нібыта дамовіліся выпрацаваць механізм, паводле якога працоўныя мігранты з Пакістана змогуць прыязджаць у Беларусь. Пры гэтым гаворка ідзе пра вельмі вялікія маштабы — да 150 тысяч чалавек.

Лукашэнка садзіць дрэвы з гасцямі з Пакістана. Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Лукашэнка, каментуючы вынікі перамоў, расказаў, што ў Пакістане ёсць вялікая колькасць людзей, якія, маўляў, могуць і хочуць працаваць у Беларусі. Таму яны з пакістанскім прэм'ерам дамовіліся даць ім такую магчымасць.

«Мы таксама дамовіліся з маім сябрам прэм'ер-міністрам Пакістана, што ў найбліжэйшы час будуць накіраваныя спецыялісты розных галін. Тых галін, пра якія мы папросім. І кіраўніцтва Пакістана дапаможа нам падабраць такіх людзей. Хай гэта будзе 100 тысяч, можа быць, 120-150 тысяч гэтых спецыялістаў. Мы гатовыя прыняць іх у Беларусі і стварыць ім неабходныя ўмовы для працы». 

Палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман, адсочваючы паведамленні пра гэтую дамоўленасць у абедзвюх краінах, звярнуў увагу на тое, што «ў Пакістане і Беларусі пры асвятленні перамоў паміж Аляксандрам Лукашэнкам і прэм'ерам Шахбазам Шарыфам акцэнты расстаўляюцца па-рознаму».

«Тэма 100 000 — 150 000 пакістанцаў, якія, як заявіў Лукашэнка, прыедуць працаваць у Беларусь, падымаецца ў афіцыйных паведамленнях з Мінска толькі мімаходзь. А вось у Пакістане яе прадстаўляюць ледзь не асноўным дасягненнем Шарыфа ў Беларусі і падкрэсліваюць, што іх будзе менавіта 150 000, а адпраўленыя будуць кваліфікаваныя, але маладыя (!) спецыялісты. У Мінску ж, здаецца, вырашылі, што мясцовую публіку пакуль не варта рыхтаваць да прыбыцця маладых пакістанцаў».

Таму, што ў Пакістане ўспрымаюць гэта ўсё сур'ёзна, на думку Фрыдмана, няма чаго дзівіцца: 

«Экспарт гастарбайтараў даўно з'яўляецца важнай крыніцай даходаў для мясцовай эканомікі. Ацаніць маштаб здзелкі паміж Шарыфам і Лукашэнкам дазволіць статыстыка працоўных мігрантаў з Пакістана. Іх прыкладна 11 мільёнаў па ўсім свеце.

І што такое 150 000? Гэта значна менш, чым у Саудаўскай Аравіі (больш за два мільёны), ААЭ (каля паўтара мільёна) або ЗША (больш 600 000), але значна больш, чым, скажам, у Нарвегіі (каля 45 000). Гэта ўзровень Германіі, дзе, па розных ацэнках, жывуць і працуюць ад 120 000 да 150 000 грамадзян Пакістана».

У той жа час аналітык не хавае іроніі

«У сваёй дырэктыве «Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы» Лукашэнка падкрэсліў, што «мірнае суіснаванне прадстаўнікоў усіх канфесій і этнічных груп сталі найважнейшымі ўмовамі адзінства і згоды ў сучасным грамадстве». Вырашыўшы прыняць да 150 000 чалавек з Пакістана, афіцыйны Мінск вырашыў зладзіць беларусам практычны экзамен на «адзінства і згоду».

Чытайце таксама:

Лукашэнка: Беларусь і Пакістан дамовіліся выпрацаваць механізм для прыезду працоўных мігрантаў

У Мінск прыляцеў прэм'ер Пакістана

Лукашэнка і пакістанскаму прэм'еру падарыў два трактары

Каментары да артыкула