Мэр украінскага Канатопа абвінаваціў улады Сумаў у арганізацыі ўзнагароджання вайскоўцаў
«Гэта няпраўда, што тут нічога не было».
Сумы пасля ракетнага ўдару, 13 красавіка 2025 года. Фота: «Суспільне»
Гарадскі галава Канатопа Арцём Семяніхін абвінаваціў кіраўніка Сумскай вобласці Уладзіміра Арцюха ў арганізацыі сходу ваенных 117 брыгады для ўзнагароджання ў цэнтры Сум 13 красавіка, піша «Украінская праўда».
«Ён (Арцюх. — заўв.) арганізаваў сёння тут уручэнне грамат і медалёў нашым хлопцам-героям з 117 брыгады, ужо ўсе пра гэта гавораць. І гэта няпраўда, што тут нічога не было. Было. Дзякуй богу, ніхто з вайскоўцаў не пацярпеў, яны былі ўсе ў хованцы.
Але кацапы білі касеткай, каб было як мага больш ахвяр, і гэта было наўмысна, каб апраўдаць сваю тэрарыстычную агрэсію, што «там жа вайскоўцы сабраліся», — сказаў у відэа ў фэйсбуку Семяніхін.
Мэр Канатопа таксама заявіў, што яму вядома аб адкрыцці крымінальнай вытворчасці не толькі па факце расійскага ракетнага ўдару, але і вытворчасці, каб высветліць, хто рашыў праводзіць мерапрыемствы сходу вайскоўцаў у цэнтры горада.
Ён таксама сцвярджае, што старшыня СБУ Васіль Малюк «трымае гэтае пытанне на асабістым кантролі».
Паводле звестак некалькіх суразмоўцаў «Украінскай праўды», знаёмых з сітуацыяй, 13 красавіка раніцай у цэнтры Сум павінна было адбыцца ўзнагароджанне вайскоўцаў 117 брыгады тэрытарыяльнай абароны з нагоды стварэння брыгады. Адзін з суразмоўцаў асабіста ведаў двух вайскоўцаў 117, якія ўжо прыбылі на месца ўзнагароджання і чакалі яго — гэтыя людзі не пацярпелі.
У выніку расійскага ракетнага ўдару па Сумах загінулі 34 чалавекі, больш за сотню параненых.