БЕЛ Ł РУС

На Гомельшчыне загінуў трохвекавы дуб-волат

15.04.2025 / 13:23

Nashaniva.com

Ён меў статус помніка прыроды рэспубліканскага значэння.

Дуб чарэшчаты «Буда-Кашалёўскі-2» з велізарным дуплом у ствале. Фота: Мінпрыроды

Пра гібель старажытнага дрэва стала вядома з пастановы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якое ў пачатку красавіка ліквідавала помнік прыроды ў сувязі са стратай каштоўнага прыроднага аб’екта, з мэтай захавання якога ён быў абвешчаны.

Дуб чарэшчаты «Буда-Кашалёўскі-2» рос у лесе прыкладна за паўкіламетра на поўдзень ад вёскі Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна. 

Узрост дрэва, дакладна вызначаны пры дапамозе прыростнага бура, складаў 290 гадоў. Вышыня дуба дасягала 31,7 метра, а акружнасць ствала — 4,6 метра.

Што стала канкрэтнай прычынай гібелі дрэва — не паведамляецца. Аднак яго стан яшчэ раней ацэньваўся як аварыйны з-за ўзросту, экалагічных умоў і вялікага сухога дупла, што цягнулася ад самага падножжа. Відаць, дуб-волат не вытрымаў і паваліўся.

Дуб чарэшчаты «Буда-Кашалёўскі-2» з велізарным дуплом у ствале. Фота: Мінпрыроды

Ахоўны статус дрэву быў нададзены яшчэ ў 1963 годзе, а статус помніка прыроды рэспубліканскага значэння яно атрымала ў красавіку 2007 года.

У гэтай жа мясцовасці, у лесе на поўнач ад Патапаўкі расце яшчэ адзін старажыл — дуб чарэшчаты «Буда-Кашалёўскі-1», які таксама мае статус помніка прыроды рэспубліканскага значэння. Гэты дуб здаравейшы і трохі маладзейшы за той, што загінуў — яму толькі 220 гадоў. 

Чытайце таксама:

Чаму на Беларусі насамрэч няма 700-гадовых дубоў і як старажытная архітэктура дапамагае батанікам

Унікальныя Мяднянскія ельнікі пад Брэстам скараціліся больш як у тры разы

Ураган зламаў унікальнае дрэва ў Жамыслаўскім парку. Што цяпер з ім будзе?

Каментары да артыкула