БЕЛ Ł РУС

Зборную Беларусі па футзале могуць не пусціць на чэмпіянат Еўропы ў Літву і Латвію

15.04.2025 / 11:29

Nashaniva.com

На мінулым стала вядома, што зборная Беларусі па футзале ўпершыню за 16 гадоў заваявала пуцёўку на чэмпіянат Еўропы, які павінен узімку прайсці ў Латвіі і Літве. Але зборнай Беларусі можа туды не трапіць.

У Літве забароненая выдача віз беларусам і расіянам, а мясцовае Мінспорту рэкамендуе адмаўляцца ад гульняў з прадстаўнікамі Беларусі і Расіі, а таксама не дазваляць ім удзельнічаць у спаборніцтвах на тэрыторыі краіны. У Латвіі ж такія меры замацаваныя ў выглядзе дакладнай забароны на заканадаўчым узроўні.

Варта адзначыць, што адбор на Еўра таксама прайшла каманда з Украіны, дзе па законе забаронена ўдзельнічаць у адных спаборніцтвах з беларусамі і расіянамі, якія не маюць нейтральны статус.

Міністэрства спорту Літвы адказала на афіцыйны запыт «Трыбуны» наконт удзелу зборнай Беларусі ў Еўра-2026.

«Рэкамендацыі для нацыянальных спартыўных федэрацый і спартыўных арганізацый, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі, навукі і спорту Літоўскай Рэспублікі ў лютым 2023 года адносна адносін з Расіяй і Беларуссю, застаюцца нязменнымі.

Міністр рэкамендуе літоўскім спартыўным федэрацыям і спартыўным арганізацыям не ўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах, на якія запрашаюцца і ўдзельнічаюць расійскія і беларускія спартоўцы і каманды, што прадстаўляюць сваю краіну або ўдзельнічаюць у якасці нейтральных спартоўцаў. Арганізацыям рэкамендуецца не запрашаць і не дазваляць грамадзянам Расійскай Федэрацыі і/або Рэспублікі Беларусь, што прадстаўляюць сваю краіну, удзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах і мерапрыемствах, якія праводзяцца ў Літве.

Згодна з рэкамендацыямі, прапануецца, каб пры арганізацыі міжнародных спартыўных спаборніцтваў у Літве грамадзяне Расіі і Беларусі, якія ўдзельнічаюць у спаборніцтвах і прадстаўляюць іншыя краіны, падпісвалі дэкларацыю, якая заклікае да спынення вайны ва Украіне і асуджае тэрарызм і агрэсію супраць Украіны, а таксама адмаўляе палітыку, якую праводзяць Расія і Беларусь.

Таксама згодна з Законам Літоўскай Рэспублікі аб абмежавальных мерах у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны (уступіў у сілу 3 мая 2023 года), прыём заяў на атрыманне віз ад грамадзян Расіі і Беларусі літоўскімі візавымі службамі за мяжой прыпынены.

У гэтым законе няма выключэнняў для выдачы віз грамадзянам Расіі і Беларусі, якія жадаюць узяць удзел у міжнародных спартыўных спаборніцтвах у Літве.

Акрамя таго, згодна з гэтым законам, грамадзянам Расіі, якія маюць шэнгенскія візы, выдадзеныя іншымі краінамі, можа быць адмоўлена ва ўездзе ў Літву», — адказалі ў міністэрстве.

Чэмпіянат Еўропы па футзале пройдзе з 18 студзеня па 6 лютага 2026 года ў Рызе і Каўнасе, лёсаванне і дзе будуць гуляць канкрэтныя каманды стане вядома пазней.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула