На падворку Дома друку ў Мінску знайшлі велізарны жоран
Знаходка больш за месяц шукала новы дом — сёння яе перавезлі ў гістарычны цэнтр горада.
Жоран каля музея археалогіі ў Верхнім горадзе. Фота: тэлеграм-канал Мінскія рэчы
Яшчэ 28 лютага на падворку пасляваеннага корпуса Дома друку па праспекце Незалежнасці, 77, падчас замены камунікацый будаўнікі наткнуліся на незвычайную знаходку — велізарны гранітны жоран.
Дыяметр жорнавага каменя складае 178 сантыметраў, таўшчыня — 45 см, а вага, паводле ацэнак, — каля чатырох тон. Паводле папярэдняй версіі спецыялістаў, гэта жоран ад крупадзёркі — машыны для вырабу круп. Як ён апынуўся на гэтым месцы — пакуль невядома.
Жоран на падворку Дома друку. Фота з сацсетак
Транспартаванне артэфакта на тэрыторыю музея археалогіі ў Верхнім горадзе. Фота: тэлеграм-канал Мінскія рэчы
Больш за месяц пасля знаходкі цяжкі артэфакт заставаўся там, дзе яго знайшлі. І толькі цяпер, дзякуючы супольным намаганням рэдакцыі газеты «Культура», дырэкцыі Музея гісторыі Мінска і кіраўніцтва будаўнічага трэста, жоран нарэшце быў перанесены на падворак Музея археалогіі, што знаходзіцца ў Верхнім горадзе, на тэрыторыі былога бернардзінскага кляштара.