БЕЛ Ł РУС

«Яны пацярпяць у большай ступені». Нарышкін у Мінску пагражаў Польшчы і краінам Балтыі

15.04.2025 / 13:29

Nashaniva.com

Кіраўнік Службы замежнай разведкі Расіі пасля сустрэчы з Лукашэнкам абвінаваціў Польшчу і краіны Балтыі ў агрэсійных дзеяннях супраць Беларусі і Расіі — напрыклад, стварэнні мінных палёў уздоўж межаў.

Сяргей Нарышкін. Фота: БелТА

Сяргей Нарышкін назваў Польшчу і краіны Балтыі «правакатарамі» і заявіў, што яны пацярпяць першымі ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі і Расіі.

Паводле слоў Нарышкіна, суседзі Беларусі «бразгочуць зброяй», піша ТАСС.

«Яны павінны былі б зразумець, але пакуль не разумеюць, што ў выпадку агрэсіі з боку Паўночнаатлантычнага альянсу супраць саюзнай дзяржавы шкода будзе прычынена, безумоўна, усяму блоку НАТА, але ў большай ступені першымі, хто пацерпяць, будуць носьбіты такіх ідэй сярод палітычных колаў Польшчы і прыбалтыйскіх краін», — адзначыў кіраўнік СЗР Расіі.

Ён заявіў, што Польшча і прыбалтыйскія рэспублікі «адрозніваюцца высокай агрэсіўнасцю, у любым выпадку на словах». Нарышкіну не падабаюцца планы Польшчы ўстанавіць уздоўж межаў з Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расіі каля 2 мільёнаў супрацьтанкавых мін, а таксама размясціць у сябе ядзерную зброю.

«Гэта сумна. Яны ніяк не могуць зразумець, што менавіта нарошчванне ваеннай актыўнасці каля межаў Расіі і Беларусі стала адным з фактараў, адной з прычын цяперашняга вялікага, вострага і вельмі небяспечнага крызісу на Еўрапейскім кантыненце», — выказаў меркаванне Нарышкін.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула