БЕЛ Ł РУС

Паглядзіце, як раскошна жыла Бондарава ў сталіцы за 30 рублёў. Цяпер не будзе

15.04.2025 / 19:59

Nashaniva.com

Пасля адлічэння з універсітэта Вольга Бондарава страціла і права на пакой у студэнцкім інтэрнаце. Даносчыцы, якая хвалілася сацыяльнымі прывілеямі, што давала ёй дзяржава, цяпер давядзецца шукаць новае месца жылля.

Бондарава ў калідоры блока ў студэнцкім інтэрнаце. Скрыншот відэа

У 2022 годзе даносчыца паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, дзе да апошняга часу вучылася на бюджэце на дзённым аддзяленні па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура». Пры залічэнні жыхарка Гродна атрымала месца ў інтэрнаце, які размяшчаецца ў студэнцкай вёсцы ў Пятроўшчыне.

​26 сакавіка 2025 года Бондарава была асуджана на 13 сутак адміністрацыйнага арышту паводле «экстрэмісцкага» артыкула. Як паведамілі «Люстэрку» ў дэканаце філфака БДПУ, даносчыцу, якая два тыдні правяла на Акрэсціна, адлічылі з універсітэта.

Гэта значыць, што яна аўтаматычна страціла права на месца ў студэнцкім інтэрнаце і будзе вымушаная або шукаць новае жытло ў сталіцы, або вярнуцца ў Гродна. 

Кухня ў студэнцкім інтэрнаце. Скрыншот відэа

Кухня ў студэнцкім інтэрнаце. Скрыншот відэа

Раней Вольга Бондарава жыла ў вельмі камфортных умовах, якія абыходзіліся ёй усяго ў 30 рублёў за месяц (так яна расказвала ў 2022-м), і нават хвалілася сваім жытлом у відэароліку на сваім ютуб-канале. Зняць ролік пра свой інтэрнат яе падштурхнула відэа, у якім крытыкаваліся тыя ўмовы, што прапануюцца іншагароднім студэнтам.

«Бесіць. Бесіць гэтае змагар’ё, што пастаянна ўсім незадаволенае, пастаянна шукае, да чаго прычапіцца, да самых дробязяў. Не падабаецца тут, у Беларусі — чамадан, вакзал, Львоў. Ці Варшава. Ці Вільня. Жывіце там, плаціце не 30 рублёў у месяц за інтэрнат, а 300 еўра», — абуралася даносчыца на чужыя скаргі.

«Я хачу паказаць свой пакой, дзе я жыву. У мяне няма ніякіх сувязяў — я проста прыехала, паступіла і пасялілася».

Ручнік з эмблемай АМАПа. Скрыншот відэа

Ванны пакой у блоку студэнцкага інтэрната. Скрыншот відэа

Туалет у блоку студэнцкага інтэрната. Скрыншот відэа

Вольга Бондарава паказала прасторныя калідоры свайго інтэрната і ўтульны блок на два пакоі з уласнай кухняй, туалетам і ванным пакоем. На змеевіку ў ванным пакоі ў яе сушыўся лазневы ручнік з эмблемай АМАПа. 

Даносчыца была задаволеная далікатным рамонтам і тым, што ў блоку пры засяленні ўжо была ўся патрэбная абстаноўка і тэхніка, у тым ліку халадзільнік на кухні. 

«Усё проста цудоўна. Яшчэ раз паўтаруся: гэта не за шалёныя грошы, гэта ўсё — частка дзяржаўнай сістэмы абароны студэнтаў».

Шафа ў жылым пакоі інтэрната. Скрыншот відэа

Ложак у жылым пакоі інтэрната. Скрыншот відэа

Ложак у жылым пакоі інтэрната. Скрыншот відэа

«Дзяржава робіць максімум з таго, на што, напэўна, здольная, і не прымушае браць крэдыты на адукацыю. Не — дзяржава дае бясплатную адукацыю. Дзяржава дае магчымасць атрымаць і дадатковую адукацыю, і прафарыентацыю, і прапануе забаўляльныя праграмы, плюс вялікія зніжкі для студэнтаў, вельмі шмат пазнавальных мерапрыемстваў, розных канферэнцый, круглых сталоў, конкурсаў», — сцвярджала Бондарава.

Разжалаваная камуністка не ўлічыла, што ўсе яе сталічныя даброты і сацыяльныя прывілеі аплачаны дзяржавай з кішэні падаткаплацельшчыкаў, большасць з якіх, мяркуючы па 2020 годзе, з’яўляюцца тымі самі «змагарамі», якія выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі і якіх так шалёна ненавідзіць сама Бондарава.

Бондарава на сваёй шкуры зведала, як лёгка ў беларускай быццам бы сацыяльнай сістэме страціць усё. Ні ў Варшаве, ні ў Вільні не існуе «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за лайк ці рэпост якіх можна трапіць на суткі, як не існуе і практыкі адлічэння за адміністрацыйныя правапарушэнні. У Беларусі ж ты не маеш ніякіх гарантый, нават калі шмат гадоў выказваеш сваю лаяльнасць рэжыму.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула