БЕЛ Ł РУС

Літва забараніла праезд з Беларусі на матацыклах і мапедах

16.04.2025 / 15:31

Nashaniva.com

Урад Літвы тлумачыць гэта павышанымі пагрозамі для дзяржаўнай бяспекі з-за незаконнай міграцыі і змену тактыкі беларускіх разведвальных і памежных службаў

Фота: lrv.lt

Паводле гэтага рашэння, забараняецца перамяшчэнне матацыкламі, мапедамі і матарызаванымі роварамі праз пункты пропуску Меднікі і Салечнікі (з беларускага боку — Каменны Лог і Беняконі). Рух праз гэтыя пункты на мяжы з Беларуссю будзе магчымы толькі на аўтамабілях, гаворыцца ў пастанове ўрада.

Акрамя таго, пастанова прадугледжвае магчымасць часова абмежаваць перамяшчэнне асоб праз пункты пропуску Салечнікі і Меднікі, калі будзе выяўлена, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць мігрантаў у якасці інструмента ціску. «У апошні час назіраюцца спробы беларускіх памежнікаў накіроўваць мігрантаў у пункты пропуску без належных дакументаў або з парушэннем патрабаванняў Шэнгенскага памежнага кодэксу», — зазначаецца ў прапанове ўрада.

Выконваць палажэнні гэтай пастановы ўраду даручана Службе аховы дзяржаўнай мяжы.

«Наша мэта — забяспечыць максімальную ахову дзяржаўнай мяжы і перашкодзіць пагрозам, што ствараюцца штучна арганізаванай міграцыяй з боку рэжыму Лукашэнкі, а таксама магчымым гібрыдным нападам на мяжы з Беларуссю. Новыя абмежаванні, прынятыя ўрадам, таксама дапамогуць скараціць уплыў беларускіх разведвальных і спецыяльных службаў і знізіць іх магчымасці вербаваць грамадзян Літвы і Беларусі», — заявіў міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула