БЕЛ Ł РУС

У Гомелі дзяўчынка знікла з групы падоўжанага дня, а знайшлася ў рэанімацыі бальніцы

17.04.2025 / 7:49

Nashaniva.com

На мінулым тыдні, 9 красавіка, у прыгарадзе Гомеля адбылася аварыя, у выніку якой моцна пацярпела першакласніца. Пазней стане вядома: дзяўчынка знікла падчас прагулкі, знаходзячыся ў групе падоўжанага дня, і была аб’яўлена ў вышук. Дзіця шукалі бацькі, міліцыя, МНС і валанцёры пошукава-выратавальнага атрада «Сімуран», піша Onliner.by.

Сям’я, дзе адбылася бяда, жыве ў невялікім аграгарадку ў прыгарадзе Гомеля. Дзяўчынка вучыцца ў адной з гомельскіх школ, размешчанай у раёне МЖК «Сонечны».

У той дзень, 9 красавіка, Лена пасля ўрокаў засталася ў групе падоўжанага дня, а пазней яе тату патэлефанавалі і паведамілі, што яна знікла. Учора ў Лены быў дзень нараджэння, ёй споўнілася 10 гадоў. Калі журналісты звязаліся з яе бацькам Юрыем, яна ўсё яшчэ была на аперацыі.

— Дачка вучыцца ў першым класе. Дзіця асаблівае, у яе аўтызм, таму за ёй былі замацаваныя два т’ютары. Звычайна адзін заставаўся з ёй раніцай падчас урокаў, а другі — на падоўжанцы. Я пакуль не гатовы гаварыць пра тое, што там дакладна адбылося: цяпер вядзецца следства. Адно магу сказаць: Лена ў нас спакойная дзяўчынка, паслухмяная, ніколі сама нікуды не пойдзе.

Прыблізна а 15:40 мне патэлефанавалі са школы і сказалі, што Лена знікла. Я адразу ж папрасіўся з працы і паехаў шукаць дачку. Нам дапамагалі ўсе: і МНС, і міліцыя, і валанцёры. Увесь мікрараён «Сонечнага» прачэсвалі, я аб’ехаў на машыне ўсё, што мог. Заязджаў у кожную буйную краму, паказваў ахове фота Лены. На жаль, мы не ведалі яе маршруту, не маглі нават выказаць здагадку, куды яна магла пайсці.

У нейкі момант мне нехта патэлефанаваў і сказаў: «Патэлефануй у хуткую, там, здаецца, дзіця даставілі». Патэлефанаваў — так і ёсць.

Памчаў туды, у прыёмны пакой Гомельскай абласной бальніцы, паказаў фота дачкі — так, кажуць, гэта яна.

Пазней стане вядома: каля 16:15 паблізу запраўкі на гомельскай трасе Лену збіла машына. У выніку ДТЗ дзяўчынка атрымала шматлікія траўмы і была дастаўленая ў рэанімацыю бліжэйшай бальніцы. На днях Лену перавялі ў рэанімацыю дзіцячай абласной бальніцы, яна дагэтуль знаходзіцца ў цяжкім стане.

— Нам вельмі цяжка псіхалагічна, асабліва жонцы. Проста цяпер дачку аперуюць, і мне не хацелася б нікога заўчасна абвінавачваць у тым, што з ёй адбылося. Ведаю толькі, што на момант ДТЗ яна павінна была знаходзіцца ў школе, а далей ужо будзе разбірацца следства. Зараз самае галоўнае — каб Лена пайшла на папраўку.

Паводле слоў бацькоў, медыкі папярэдзілі, што дзяўчынку чакае працяглы перыяд аднаўлення і рэабілітацыі, які зойме не менш за год. Пасля трагедыі сям’я адкрыла дабрачынны рахунак.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула