«Муж забраў у закладнікі маіх котак». Дызайнерка Вольга Кардаш — пра развод з мужам, уласную краму і самага стылёвага беларуса
Вольга Кардаш — адна з самых вядомых беларускіх дызайнерак: яе паліто, целагрэйкі і касцюмы з бусламі носяць многія моднікі. Мы сустрэліся ў яе шоўруме «Дом буслоў», які сімвалічна працуе на вуліцы Адама Міцкевіча ў Варшаве, каб пагутарыць, вядома, пра яго і моду, вызначыць самага стылёвага беларуса, але таксама закрануць вельмі асабісты і траўматычны пласт — развод з мужам, які Вольга цяпер перажывае.
Вольга Кардаш на фоне сваёй крамы «Дом буслоў»
«Муж забраў у закладнікі маіх котак»
«Наша Ніва»: Чатыры месяцы таму вы расказвалі, што ў вас з мужам крызісны перыяд, але ёсць надзея захаваць сям’ю. І вось нядаўна апублікавалі пост, што вы афіцыйна жывяце ўжо месяц адна, без партнёра. Што здарылася за гэты час?
Вольга Кардаш: Цяпер я магу казаць пра гэта больш спакойна, хаця зусім нядаўна мне было вельмі цяжка. Я ўжо адрэфлексавала, адплакала, адпусціла гэта. Я, скажам так, шмат даведалася пра тое, што жыла ў сваім нейкім свеце не толькі ў Беларусі, але і пасля ў эміграцыі. Тут у мяне ўтварыўся новы свецік, дзе я змяніла ролю дызайнеркі на ролю жонкі. Прычым жонкі, якая імкнулася быць самай лепшай на свеце. І недзе ў гэтых ролях я крыху згубілася сама. Як і многія жанчыны, навесіла на сябе вельмі шмат абавязкаў — і хатніх, і не хатніх.
Калі мы разышліся з мужам, я думала, што ў нас яшчэ ёсць нешта, што можа нас зноў зрабіць парай. Але потым я даведвалася пра яго новыя дэталі і больш ужо не хацела звязваць сваё жыццё з ім.
«НН»: Ініцыятаркай разводу па выніку былі вы?
ВК: Кожны можа тут трактаваць па-свойму. У мяне неяк здарылася чарговая панічная атака, мне было вельмі дрэнна. І падтрымку я магла атрымаць ці ад мужа, ці ад сястры. Ну і муж у той момант не змог даць мне падтрымку. Тады я проста ўзяла пару сваіх рэчаў і папрасіла мяне адпусціць на некалькі дзён, каб аднавіць сілы. Я пайшла да сястры, бо разумела, што яна мне дакладна дапаможа. І вось мы правялі суткі разам, я падумала, што нам з мужам трэба сямейная тэрапія. І я прапанавала яму паразмаўляць. Але калі мы сустрэліся праз два дні, першае, што ён сказаў, што хоча развод і дае мне пару дзён сабраць рэчы.
Я ўсім кажу, што рашэнне пра развод было за мужам. У яго версіі падзей я пайшла сама. Кожны можа па-свойму мець рацыю.
«НН»: У 2020-м, калі вы з’ехалі з Беларусі, першапачаткова ў вас не было тут дакументаў, таму муж, у якога была карта паляка, наколькі мы ведаем, узяў на сябе тое ж адкрыццё ІП для далейшага запуску крамы. Цяпер у вас няма праблемы з дзяльбой бізнэсу?
ВК: Крама мая, на шчасце. Ён не зможа ў мяне гэта адабраць. Цяжкасць у тым, што саму легалізацыю ў Польшчы я рабіла праз яго — уз’яднанне з мужам. Калі мы прыехалі ў 2020 годзе, я пазнаёмілася з дзяўчынкай з Цэнтра беларускай салідарнасці, і яна тады мне раіла, каб я падалася на міжнародную абарону. Але я казала: «Ай, не хачу сябе адчуваць бежанкай, пайду на легалізацыю праз мужа». Мне на той момант было цяжка ўспрымаць сябе чалавекам, якому патрэбная абарона — яшчэ цягнуліся пратэсты, і пасля я больш за год думала, што хутка змагу вярнуцца, што ўсё ў Беларусі наладзіцца.
Мінулым летам я падалася на дакументы ўжо як жонка грамадзяніна Польшчы. Але было б нашмат лепш усё ж, каб я яшчэ пару гадоў таму падалася на абарону, таму што муж мне не дае часу на атрыманне ПМЖ, які мусіў быць восенню. Ён хоча развод хутчэй. На міжнародную абарону ж цяпер я не магу падавацца, бо крама, пакуль я чакаю яе, не зможа працаваць. Мне прыйдзецца паставіць ІП на стоп, а мой бізнэс — гэта мой адзіны даход. Цяпер план — падацца з бізнэс-планам і атрымаць хаця б на год новы дазвол на жыхарства як ІП.
У краме House of Storks
Я вельмі радая насамрэч, што ўсё гэта здарылася цяпер, а не праз дзесяць гадоў. Бо калі б я засталася адна з дзіцем на руках, напрыклад, было б зусім складана. Я ведаю кейсы маіх знаёмых, хто развёўся тут з дзіцем. Тут і так трэба зарабляць больш, таму што жыццё не таннае, кватэру трэба аплачваць. А дзеці — гэта вельмі дорага.
Адзінае, што ён забраў у закладнікі маіх котак.
«НН»: Што гэта за гісторыя?
ВК: Коткі — добры спосаб маніпуляцыі, пакуль мы будзем у працэсе разводу, які будзе яшчэ некалькі месяцаў цягнуцца. Я спрабавала дамовіцца, каб ён мне іх аддаў, але яго ўмовы выглядаюць крыху смешна. Ён хацеў бы развесціся на яго ўмовах, і тады я атрымаю котак.
Воля і коткі — Акуна і Матата
Мы завялі котак ужо ў Польшчы, па законе іх будуць трактаваць як разам нажытую маёмасць. І я брала кансультацыю ў адваката — тая мне сказала, што на практыцы, нават калі б коткі былі па дакументах выключна мае, іх бы хутчэй пакінулі мужу, таму што я ўсё яшчэ замежніца без уласнага жытла. А ў яго кватэра, і ён ужо грамадзянін Польшчы. Можна спадзявацца толькі на добры жэст экс-мужа.
«Я проста ментальна не вытрымлівала»
«НН»: Вы, здаецца, пісалі ліст на імя прэзідэнта Польшчы з просьбай даць вам польскае грамадзянства асобным указам? Як з гэтым спосабам легалізацыі?
ВК: Я думала пра гэта яшчэ некалькі гадоў таму, але разумела, што ў мяне не было дастаткова дасягненняў для польскага грамадзянства. А калі крама крыху папрацавала, я ўжо пачала збіраць дакументы і падала іх. Бо ўсё ж я раблю сацыяльна-культурны праект у Польшчы, дапамагаю адаптоўвацца эмігрантам тут. Таксама я сабрала рэкамендацыйныя лісты ад культурных дзеячаў, з якімі працавала. Але ў іх няма канкрэтнага тэрміну адказу, таму пакуль проста чакаю.
Ведаю, што з грамадзянствам латарэя 50 на 50. Яны нават не кожнаму спартоўцу дадуць грамадзянства. Але ў мяне досыць моцны кейс, таму надзеі не губляю.
«НН»: Што найбольш дапамагае ў такі цяжкі перыяд?
ВК: Сяброўкі. Нават тэрапія ў мяне атрымалася толькі таму, што мае сяброўкі наўпрост сказалі: ты сама не вытрымаеш. Я была ў такім стане, што самастойна не магла нікога шукаць, таму мне проста даслалі спасылку на крызісную тэрапеўтку, і яна сапраўды дапамагла ў цяжкі час. Прычым спецыялістка была досыць дарагой, і калі б я цвяроза разважала, я б абрала каго-небудзь у іншай цанавой катэгорыі, але для мяне тады грошы не мелі значэння. Я проста хацела не пайсці пад цягнік, ментальна не вытрымлівала.
Акуна і Матата
«Праз год існавання мы яшчэ не выйшлі на поўную акупнасць, але гэта мэта»
«НН»: Раскажыце, як цяпер справы ў вашай крамы? (у Варшаве Вольга валодае шоўрумам «Дом буслоў», дзе прадаюцца яе аўтарскія рэчы, а таксама адзенне, аксэсуары ад іншых беларускіх дызайнераў, кнігі і карціны творцаў з Беларусі, таксама тут праходзяць прэзентацыі і майстар-класы. — НН).
ВК: Мы паставілі перад сабой галоўную мэту — выйсці на самаакупнасць. Гэта фінансава цяжкая гісторыя, і я зараз у пошуках фінансавання. Ці гэта будзе інвестыцыя, ці, можа быць, партнёр, з якім мы будзем пасаваць адно аднаму. Галоўнае, я ўжо маю на руках бізнэс-план і разуменне, што я на сто працэнтаў дасягну сваёй мары — за паўгода ці год.
Буду рухацца ў кірунку пашырэння анлайн-продажаў: тое, што мы ў Еўропе — супер зручна, бо гэта азначае хуткія дастаўкі нават у ЗША.
Пасля дасягнення ўсіх мэтаў з шоўрумам я б хацела яшчэ крыху больш зрабіць для беларускай культуры і для нашых творцаў. Каб мець яшчэ большую прастору, дзе можна будзе рабіць выставы і ствараць сапраўднае кам'юніці.
Вольга ў кімано ўласнага дызайну
«НН»: Арэнда цяпер з’ядае найбольш грошай?
ВК: Сума арэнды сапраўды не самая прыемная, але яна ў мяне не прыватная, а ад горада, таму атрымалася танней — каля 5000 злотых з камуналкай (больш за 4000 беларускіх рублёў. — НН). Звычайна такія памяшканні каштуюць у гэтым раёне ўдвая больш.
У нас, дарэчы, арэнда яшчэ была праз аўкцыён, і мы выйгралі яго толькі таму, што ніхто больш не падаў тады заяўку. Дагэтуль жа мы рабілі заяўкі на працягу шасці месяцаў і ні разу не выйгравалі, таму што ў мяне не такі вялікі бюджэт быў, як у канкурэнтаў.
Неяк сяброўка маёй сястры пажартавала: «Я думала, ты ўжо сядзіш на мяшках з золатам». Не, не сяджу. І грошы, якія зарабляю, адразу імкнуся рэфінансаваць. Хаця ў нас бываюць розныя месяцы: і мінусовыя, і нулявыя таксама. Акрамя таго, я яшчэ ўзяла грошы ў доўг, якія дапамагалі працаваць і дапамагаюць цяпер. Праз год існавання мы яшчэ не выйшлі на поўную акупнасць, але гэта мэта.
«Я вінаваціла сябе за тое, што не магу жыць так, як жыла»
«НН»: Нехта б зараз пракаментаваў: а ў Беларусі Вольга Кардаш аплочвала ўсе свае жаданкі, зарабляла нават на арганізацыю ўласных модных паказаў — што не задавальняла, што пайшла пратэставаць?
ВК: У мяне самой была на гэтую тэму рэфлексія вельмі доўгі час. Нядаўна я скончыла сваю тэрапію, у якой у мяне быў канкрэтны запыт: «А што, калі б я зрабіла па-іншаму? А як бы я сябе адчувала?» Таму што ў мяне быў цяпер такі перыяд вельмі складаны. Я адчувала на сабе віну за свае ўчынкі, таму што вельмі хутка страціла і кліенцкую базу, і свае магчымасці па пашыве. І праз паўгода эміграцыі заробленыя раней грошы пачалі сканчвацца, і трэба было думаць, як працаваць далей. І я зразумела, што так, як было, ужо не будзе ніколі.
Але будзе па-іншаму, проста тады быў такі час, ён быў класны: я магла зрабіць паказ сама, без партнёраў, я зарабляла на гэта ўсё. Але і цяпер я іду да таго, каб рабіць тут нешта і зарабляць на гэта сама.
«НН»: То-бок цяпер вы адпусцілі мінулае жыццё цалкам?
ВК: У мяне быў цяжкі боль на тэму таго, што я страціла. Я вінаваціла сябе нейкі час за тое, што не магу жыць так, як жыла, за тое, што не магу прыехаць дадому… Былі разважанні, што я магла б жыць па-іншаму. Але ніхто не даведаецца, як было б на самой справе. Мы можам вельмі доўга па-філасофску разважаць толькі.
Мой ужо былы муж, а на той момант яшчэ мой бойфрэнд, хацеў пераехаць у Польшчу яшчэ далёка да 2020 года. І ён мне сказаў пра гэта на пачатку нашых стасункаў. Я тады планавала, што, калі што, змагу жыць на дзве краіны. Але жыццё выбрала другі рух, і я зрабіла свой выбар. Мы шмат гадоў жылі з разуменнем, што палітычна ў нашай краіне нічога не атрымаецца зрабіць. Але ў 2020-м здарыўся такі каталізатар, што ўсе, хто да гэтага хацеў нешта зрабіць і сказаць, зрабілі і сказалі.
Я асабіста дагэтуль не вельмі стаўлюся да тых, хто глядзіць на жорсткасць, на тое, што адбываецца, і проста ціхенька маўчыць. Канечне, калі ты жывеш у Беларусі, гэта іншыя рызыкі. Так ці інакш, усіх, хто прамаўчаў у 2020-м, я асуджаю. Можа, гэта груба гучыць, але я проста іх не разумею.
«НН»: Ці сочыце за беларускімі фэшн-калегамі, якія працуюць унутры краіны? Ці можаце кагосьці пазітыўна адзначыць?
ВК: У нас ёсць некалькі дызайнераў, якія ўжо даўно мелі нармальную базу кліентаў і рабілі сучасны дызайн — гэта Ірына Бойцік, Юля Гілевіч, Лена Цакаленка. Яны і цяпер працягваюць выпускаць калекцыі. Ёсць яшчэ пара брэндаў, дзе мне падабаюцца найперш іх стваральнікі як асобы, але збольшага на рынку ўсё змянілася, палову новых імёнаў я не ведаю.
Адназначна ў Беларусі стала больш так званых дызайнераў баек, тых, хто робіць мерч ці нешта трэндавае, «зарападобнае». Плюс у Беларусі сёння шмат расійскіх брэндаў. Дый шмат нашых працуе на Расію, тут можна зразумець, для іх гэта грошы.
Я дакладна стаўлю лайк рэчам «Марк Фармэль» (нягледзячы на апошнюю калабарацыю з Бузавай). Іх шкарпэткам і цішоткам, іх бялізне, якасці. Я проста цяпер у іх шкарпэтках. А нядаўна заказала сабе адну сукенку і ружовую футболку з каровамі з капсулы «Мілы Мінск», якую стварылі ў калабарацыі з мастачкай Петрай Клімовіч. Іх рэчы — гэта тое, што я рэкамендую ўсім набываць у Беларусі ў падарунак.
«Калі я бачу дагледжаную дзяўчыну, якая выглядае стылёва, часцей за ўсё гэта будзе беларуска»
«НН»: Хто, на ваш погляд, больш стылёвы — палякі ці беларусы?
ВК: Я думаю, мы вельмі падобныя. Я люблю назіраць за людзьмі і карыстаюся гарадскім транспартам, таму ў мяне ёсць опцыя глядзець на самых розных людзей.
Што дакладна заўважыла: калі еду ў метро і на кагосьці гляджу, у Польшчы хутчэй пасміхнуцца ў адказ. Я сама магу памахаць, падміргнуць. У Беларусі ж амаль заўсёды ў людзей вочы былі апушчаныя ў падлогу.
Што моладзь, што дарослыя людзі тут выглядаюць плюс-мінус падобна да беларускіх. Не думаю, што мы культурна далёка адышлі адно ад аднаго. Магу толькі сказаць пра дзяўчат-модніц, пра масу: ёсць розніца паміж модніцамі з Беларусі, Украіны і Польшчы. Украінкі амаль заўсёды будуць на абцасах, з вуснамі нафарбаванымі, вельмі такія сэксі. За полькамі нярэдка заўважаю безгустоўнае, яны крыху нібыта захраслі ў 2000-х і ці моцна стараюцца, і здараецца перабор, ці зусім не стараюцца.
А беларускае самапраяўленне больш лаканічнае. Калі я бачу прыгожую, дагледжаную дзяўчыну, якая выглядае стылёва, акуратна, часцей за ўсё гэта будзе беларуска.
«НН»: А хто для вас сёння самы стылёвы беларус ці беларуска?
ВК: З мужчын магла б адзначыць кантэнтмэйкера Мікіту Бялевіча і Мікіту Найдзёнава з «СамШазам».
Што тычыцца жанчын, агулам я ганаруся ўсімі жанчынамі. Гэта моц! Хай мужчыны не крыўдзяцца, але тое што гістарычна пераносяць жанчыны — месячныя, нараджэнне дзяцей, патрыярхат… Толькі таму яны неверагодныя, і кожная для мяне ў нейкім сэнсе багіня.
А калі падумаць пра стыль і хто мяне ўразіў, то магу назваць Дашу Бусел. Яна стылістка, вельмі прафесійнага ўзроўню, і пры гэтым яшчэ працуе распрацоўшчыцай. Яна сказала пры знаёмстве, што працуе ў айцішцы, каб у яе хапала грошай на ўсе свае жаданкі. Даша — малайчынка ў тым, што яна зарабляе сама на ўсё чаго хоча, плюс яна хоча выглядаць пэўным чынам — і выглядае. Мяне вельмі натхняюць такія жанчыны. Таму што самая вялікая каштоўнасць сёння — быць незалежным.
Стылістка, праграмістка Дар’я Бусел у паліто ад Вольгі Кардаш
«Калі здарылася першая калекцыя з бусламі, я зразумела, што гэта — маё»
«НН»: Шмат вашых рэчаў завязаныя на беларускай культуры, адны буслы, што сталі ў пэўным сэнсе візітоўкай, не аднойчы пераасэнсоўваліся на тканіне — далей новыя калекцыі будуць стварацца таксама на беларускім грунце?
ВК: Яшчэ ў 2015 годзе, калі здарылася першая калекцыя з бусламі, я зразумела, што гэта — маё. Адчула, што знайшла свой кірунак, у якім планую далей працаваць. Можа, недзе буслоў не будзе, але так ці інакш праз беларускую культуру ўсё будзе праходзіць.
Я хоць і гарадская, але гадавалася ў вёсцы бабулі пад Слуцкам. Розныя беларускія традыцыі са мной з дзяцінства. У адной калекцыі ў мяне ёсць целагрэйкі, і гэта таксама мой погляд менавіта на вясковую целагрэйку, але ў сучасным выглядзе. Каб гэта было камфортна, стылёва і не выглядала сумна.
Я яшчэ вельмі люблю Японію і тамтэйшых дызайнераў, таму часам змешваю нашы культуры. Я зразумела, што гэта таксама адрознівае мяне ад іншых поглядаў на беларускую культуру. Я раблю такі мікс з таго, што мне падабаецца і што для мяне вельмі каштоўна.
Вольга ў целагрэйцы свайго брэнду
«Нават тое, што я тут з крымінальнай справай — больш бяспечная гісторыя, чым у людзей у Беларусі, якія адзін раз недзе выказалі сваё меркаванне»
«НН»: Як яно адчуваецца — быць вядомай дызайнеркай і ў крымінальным вышуку адначасова?
ВК: Я ведала, што я ў вышуку ў Беларусі ўжо досыць даўно, яшчэ да трапляння ў расійскую базу. Я ўсё роўна не магу паехаць дадому, але мне, канечне, непрыемная гісторыя, што я не ведаю, напрыклад, ці магу ездзіць у Грузію. І любы выезд па-за межы ЕС я павінна правяраць.
Комік Слава Камісаранка неяк жартаваў на гэтую тэму: маўляў, усе нармальныя людзі, калі збіраюцца ў вандроўку, гугляць славутасці, а я гуглю, ці выдае цябе гэта краіна ў Беларусь. Мы са Славам, карацей, у адной кампаніі, можам разам вандраваць (пасміхаецца).
Я не адчуваю сябе ў небяспецы ў Польшчы. Але ўладам, відавочна, хацелася б, каб усе былі ў дадатковым страху заўсёды. Нядаўна ў майго знаёмага ў Беларусі знайшлі тыкток, а там быў нейкі даўні лайк — яму далі суткі. Нават тое, што я тут з крымінальнай справай — больш бяспечная гісторыя, чым у людзей у Беларусі, якія адзін раз недзе выказалі сваё меркаванне.
«НН»: Вы былі назіральніцай на выбарах-2020 і расказвалі, што вывезлі доказы фальсіфікацый. Усё яшчэ гэта захоўваеце?
ВК: Так, усе дакументы, якія мы з маім атачэннем, знаёмымі вялі падчас назірання, у мяне ў асобнай тэчцы захоўваюцца, не буду казаць дзе.
Усё, што змагла з сабой узяць, калі выязджала, узяла. Калі гэта будзе патрэбна, то мы апублічым доказы фальсіфікацый, перадамо зацікаўленым. Пакуль, канечне, невядома, чаго чакаць далей, ва Украіне цяжкая сітуацыя, Трампа выбралі… Беларусы цяпер нікому непатрэбныя, на жаль. Толькі калі нешта зменіцца ў Расіі, у буйных дзяржавах, можа, будзе лягчэй і нам. На жаль, мы залежная тут краіна.
Але я сама ўжо некалькі гадоў не жыву марай, што вярнуся ў Беларусь. Я доўгі час думала, што вось прыеду хутка дадому, не хацела ні мову вучыць, ні з кім знаёміцца. Гэта быў дрэнны перыяд. Усім раю не жыць у ілюзіях, абіраючы жыць сённяшнім днём.
Вольга ў той самай цішотцы, з калекцыі ў падтрымку заводаў у 2020 годзе
На сёння я прыняла, што жыву ў Польшчы, тут цяпер мой дом і сябры, я не адчуваю сябе самотнай. Шкада, што я не магу прыехаць дадому. За гэтыя гады памерла мая бабуля, і мне было вельмі складана эмацыйна… Але мы ўсе маладыя, а тыя, хто захапіў уладу, не такія маладыя, як мы.
«НН»: Не можам не запытаць, што будзе ў трэндзе бліжэйшым часам, на што звяртаць увагу?
ВК: Канцэпцыя маёй уласнай маркі — «слоў фэшн», калі ты набываеш нешта, што па-за часам. І ў нашай краме прадаюцца рэчы, якія не ў моманце папулярныя, а на гады. Я ўсім раю выдаткоўваць грошы не на трэнды, а на нешта добрай якасці, што паслужыць вам доўга. Вы можаце набыць не пяць сукенак, а адну. Калі вы бачыце лакальную марку, і падаецца, што гэта вельмі дорага, проста падумайце пра тое, колькі зарабіў у Кітаі чалавек, які пашыў джынсы, што прадаюцца ў мас-маркеце. Канечне, прыемна набыць джынсы за 10 еўра, але колькі з іх атрымаў чалавек, які іх шыў…
Для мяне рэчы ад майстроў — гэта каштоўнасць, хаця я таксама хачу набываць усё танна. Але калі грошай няшмат, можна падтрымліваць, напрыклад, фермераў. Набыць яйкі не ў краме, а ў праверанага прадаўца на рынку. Я вельмі любіла раней хадзіць на Камароўку і набываць прадукты ў людзей, якія гэтую гародніну самі вырошчвалі.
Як я казала, я сама гадавалася ў вёсцы. У маёй бабулі было дзве каровы, і калі яна была маладзейшая, то ездзіла ў Мінск ці Слуцк гандляваць — прадавала тварог, смятану, сыры. Я вырасла ў гэтым, і для мяне важна падтрымліваць тых, хто робіць нешта сваімі рукамі. Тое самае з кніжкамі: мне будзе больш прыемна набыць выданне не ў сеткавай краме, якое выдалі мільённымі экзэмплярамі, а нешта ў лакальнага выдавецтва.
Крама «Дом буслоў» супрацоўнічае з некалькімі беларускімі выдавецтвамі — «Гутэнберг», Skaryna Press, Studio Booko. Акрамя рэчаў розных дызайнераў тут можна набыць, напрыклад, карціны аўтарства Дашы Бубен, а з нядаўняга часу яшчэ і французскія духі. «У нас пакуль што беларускія брэнды ў асноўным, але мы не закрытыя для нашых сяброў-суседзяў, таму што канцэпцыя шоўрума — гэта славянская эстэтыка, у нас усіх супольная гісторыя, таму мы будзем радыя дызайнерам з Польшчы і Украіны. Тым больш, кліентаў-небеларусаў у нас ужо таксама нямала», — каментуе Вольга Кардаш.
Чытайце таксама:
«Дактары давалі 50%, што буду на інвалідным вазку». Чым сёння жыве мадэльер Саша Варламаў