Украінскія войскі адбілі моцную расійскую атаку пад Запарожжам
Учора расійскія войскі правялі штурм на Запарожскім кірунку, задзейнічаўшы даволі вялікую штурмавую групу — каля 320 чалавек асабовага складу і 40 адзінак ваеннай тэхнікі. Але атака правалілася.
У склад штурмавой групы ўвайшлі падраздзяленні з некалькіх палкоў 58-й арміі УС РФ, пішуць Сілы абароны Поўдня Украіны.
Верагодна, расіяне разлічвалі прарваць украінскую лінію абароны магутным ударам на трох участках па лініі Пяціхаткі — Стэпавае — Лабковае, Малыя Шчарбакі і Малая Такмачка.
Як паведамляюць Сілы абароны Поўдня Украіны, паветраная разведка загадзя выявіла вылучэнне праціўніка. Былі нанесеныя ўдары беспілотнымі лятальнымі апаратамі і артылерыяй.
Першае паражэнне расійскай баявой тэхнікі (знішчана тры БМП) адбылося за 8 км да лініі баявога сутыкнення.
Бой доўжыўся больш за дзве з паловай гадзіны, украінскія сілы наносілі агнявое паражэнне па штурмавіках.
Паводле ўкраінскага боку, знішчана 29 адзінак расійскай тэхнікі, 140 чалавек асабовага складу, пашкоджаны тры танкі.
«Ніводнай пазіцыі сілы абароны Украіны не страцілі», — запэўніваюць Сілы абароны Поўдня.