БЕЛ Ł РУС

У Грузіі хочуць афіцыйна ўскладніць атрыманне прытулку іншаземцамі

17.04.2025 / 18:21

Nashaniva.com

Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі ўнесла на разгляд парламента пакет паправак «для ўзмацнення барацьбы з незаконнай міграцыяй і ўдасканалення правіл надання міжнароднай абароны». Прапанова мае спрасціць працэс выдварэння іншаземцаў і ўскладняе атрыманне прытулку, паведамляе «Радыё Свабода».

Батумі. Фота ілюстрацыйнае

У прыватнасці, МУС Грузіі прапануе:

Акрамя таго, для «папярэджання злоўжывання працэдурай надання прытулку» ўводзіцца паскораная працэдура разгляду хадайніцтваў аб прытулку для замежнікаў, якія не падалі заяву цягам месяца з моманту ўезду ў краіну.

Таксама ўводзіцца новы механізм, згодна з якім пытанне надання прытулку будуць разглядаць на мяжы Грузіі без допуску іншаземца на яе тэрыторыю, калі ягоны ўезд уяўляе пагрозу дзяржаўнай бяспецы.

Папраўкі таксама прадугледжваюць скарачэнне тэрмінаў разгляду і апеляцыі хадайніцтваў аб наданні прытулку, а таксама абмежаванне выдачы дазволу на жыхарства іншаземцу, пытанне аб выдварэнні якога разглядаецца або ўжо прынята рашэнне аб яго выдварэнні з Грузіі, гаворыцца ў заяве МУС.

Змены ўносяцца таксама ў Крымінальны кодэкс і Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. У МУС Грузіі сцвярджаюць, што названы пакет законапраектаў падрыхтаваны ў адпаведнасці з дырэктывамі Еўрасаюза.

МУС Грузіі, якое адказвае за памежны кантроль, не публікуе статыстыку пра тое, колькім людзям і з якіх краін было адмоўлена ва ўездзе ў Грузію. Паводле афіцыйных звестак, толькі ў сакавіку 2025 года з краіны выдварылі 97 замежных грамадзян, сярод якіх былі і грамадзяне Беларусі.

Згодна з грузінскім заканадаўствам, грамадзяне Беларусі могуць знаходзіцца на тэрыторыі Грузіі на працягу года.

У пачатку 2025 года ў Грузіі пражывала прыкладна 12 тысяч грамадзян Беларусі.

У 2019—2024 гадах Грузія не задаволіла ніводнага хадайніцтва грамадзян Беларусі аб наданні прытулку.

Праўда, 26 сакавіка 2025 года суд у Тбілісі адмяніў рашэнне міграцыйнага дэпартамента Грузіі аб адмове ў прытулку беларускім праваабаронцу Раману Кісляку. Цяпер прашэнне аб наданні прытулку павінны перагледзець.

Чытайце таксама:

Суд у Тбілісі адмяніў рашэнне Дэпартаменту міграцыі Грузіі аб адмове ў прытулку праваабаронцу Раману Кісляку

«Быццам на іншай планеце». Як беларусы з'язджаюць у эміграцыю ў непапулярныя краіны

«У Грузіі няма зацэментаванай аўтарытарнай дзяржавы з жорсткай вертыкаллю». Беларус расказаў, у чым спецыфіка грузінскіх пратэстаў

За пяць гадоў абароны ў Грузіі папрасіла больш за 70 беларусаў, тром дзясяткам ужо адмовілі

Каментары да артыкула