БЕЛ Ł РУС

Палітзняволенай Алене Лазарчык дадалі паўтара года калоніі

18.04.2025 / 7:25

Nashaniva.com

Алену судзілі паводле артыкулу 411.

Фота: Вясна

Алену Лазарчык пакаралі дадатковым тэрмінам зняволення на паўтара года, піша Белсат.

Пакуль невядомая дата вынясення прысуду, але вядома, што Алену Лазарчык судзілі паводле артыкулу 411 — «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». На судзе Алена адмовілася ад паслуг адваката. Жанчыну пакаралі дадатковым тэрмінам зняволення — 1,5 года.

Алена Лазарчык стала другой палітзняволенай жанчынай, якую судзілі паводле артыкулу 411. Першаю была Паліна Шарэнда-Панасюк.

Алену Лазарчык трымаюць за кратамі з 30 снежня 2021 года. Яе пакаралі зняволеннем на 8 гадоў паводле некалькіх артыкулаў: «народны» артыкул 342 за ўдзел у пратэстах, а таксама 130 — распальванне варожасці, 361-1 — удзел у экстрэмісцкім фармаванні, 368 — знявага Лукашэнкі.

Адміністрацыя жаночай калоніі № 4 склала пратаколы за нібыта парушэнне правілаў унутранага распарадку. Вядома, што адміністрацыі калоні1 даволі часта выкарыстоўваюць артыкул 411 у дачыненні палітвязняў, але суды звычайна караюць абвінавачаных годам зняволення. Для Алены Лазарчык абралі больш жорсткае пакаранне. Цяпер Алена ў СІЗА № 3 у Гомелі.

Крыніцы «Белсату» паведамілі, што Алена не падавала скаргі на прысуд, таму яе могуць этапаваць у калонію найбліжэйшым часам. Не выключана, што яе могуць накіраваць адбываць пакаранне ў папраўчую калонію № 24, што ў Зарэччы Рэчыцкага раёну на Гомельшчыне.

У Алены на волі застаюцца дзеці, у тым ліку адзінаццацігадовы сын.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула