БЕЛ Ł РУС

«Арганізавалі ў камеры выставу дзіцячых малюнкаў». Як бабулі перажываць расставанне з унукамі ў турме

20.04.2025 / 9:0

Nashaniva.com

Людміле 57 гадоў, нядаўна яна выйшла на свабоду. У зняволенні жанчына правяла больш за два гады. Затрымліваў яе сваяк найлепшай сяброўкі. Да суда збівалі, а ў калоніі 50 сутак трымалі ў ШІЗА. Але самае цяжкае выпрабаванне, па словах Людмілы, — немагчымасць убачыцца з унучкамі.

Марш пенсіянераў у Мінску. Ілюстрацыйнае фота

Сталыя палітзняволеныя амаль не скардзяцца на побытавыя ўмовы ў зняволенні, кажа псіхолаг і праваабаронца арганізацыі «Дактары за праўду і справядлівасць»  Вольга Вялічка. Металічны посуд не ўражваў іх, ранішняя каша на вадзе была звыклым сняданкам. А вось адсутнасць сувязі з роднымі — найбольшае выпрабаванне.

«За сваю псіхалагічную практыку я мела некалькі выпадкаў працы з жанчынамі-бабулямі, якія выйшлі пасля зняволення, — распавядае псіхолаг. — Самым горкім для іх было тое, што магчыма, яны ўжо ніколі не ўбачаць сваіх унукаў. Нават пра дзяцей яны не так узгадвалі. Менавіта на ўнукаў яны арыентаваліся, як на будучыню, каб рэалізаваць тое, што не змаглі з дзецьмі, бо не было дастаткова часу на тыя ж гульні, трэба было выжываць, забяспечваць сям’ю. Дзецям яны амаль не казалі, што любяць іх, бо і ад сваіх бацькоў такога не чулі. Унукі былі першымі, каму яны сказалі гэтыя важныя словы».

Адзіная бабуля ў камеры

Так было і ў Людмілы, якая нядаўна выйшла на свабоду. Жанчына распавяла, што самай вялікай падтрымкай для яе ў зняволенні былі лісты і малюнкі ад унукаў, якія яна старанна зберагала. «Таму што разумела: магчыма, гэта апошняе, што яна ўбачыць ад сваёй сям’і», — пераказвае словы былой палітзняволенай псіхолаг.

«Прыкладна з 50 год я пачала марыць пра пенсію, што буду гадаваць сваіх унучак, буду варыць ім баршчы, — расказала жанчына. — Я і ўявіць не магла, што буду складаць для іх казкі ў турме і перасылаць праз лісты». 

У камеры СІЗА Людміла была самай сталай зняволенай, унукі былі толькі ў яе. «Табе баляць ногі, бо ты старая і не можаш ужо так скакаць на тыя нары, як маладыя. Ты мусіш быць хуткай на надглядах, на цябе пастаянна гыркаюць, прыспешваюць, ты не можаш знайсці спакою ні нагам, ні душы. І толькі думкі пра дзяўчат давалі сілы трымацца», — распавядала яна псіхолагу.

Сілавікі выдатна разумеюць гэту слабасць, а таму пры любой нагодзе пагражаюць самым дарагім. Як узгадвала Людміла, следчы, не зважаючы на яе сталы ўзрост, не саромеўся і абражаць яе, і запалохваць тым, што «яна тут здохне, а ўнукі пра яе нават не ўспомняць». 

У размове з псіхолагам жанчына прыгадала, што калі ёй прыходзілі лісты, радавалася ўся камера. «Разам адгадвалі дзіцячыя загадкі, з замілаваннем разглядалі малюнкі. Аднойчы нават зладзілі выставу — павесілі на сцяне ўсе малюнкі, якія сукамерніцы атрымлівалі ад дзяцей. Праўда, правіселі яны да першага заходу канваіра, хвілін 30. Аказалася, што нельга павесіць нават над ложкам малюнак ад унучак».

Людміла зберагала тыя малюнкі як самы вялікі скарб. Калі прыйшоў час ехаць у калонію, частку яна змагла даслаць родным у зваротных лістах, але тое, што не перадала, не дазволілі забраць у калонію. 

У ШІЗА складала казкі

У калоніі палітзняволеная трапіла ў штрафны ізалятар, дзе правяла ў суме 50 сутак. «Мне нельга было бачыць унучак, але я ўяўляла, як расказваю ім казку — праз краты, ціха, але з любоўю і верай, што яны мяне яшчэ помняць», — прыгадвала яна.

Па ўспамінах жанчыны, прыкладна праз 15 сутак усе думкі былі перамолатыя ў муку. Спачатку яна складала казкі і ўяўляла, як расказвае іх унучкам. Сюжэты малявала на абшарпаных сценах камеры. Праз некаторы час стала складана рабіць нават гэта, і яна адчула вялікі страх, што зламалася, стала пустой, а жыццё бессэнсоўным. 

«У ШІЗА было так ціха, што нават уласнае дыханне станавілася чужым. І толькі звон ключоў вяртаў мяне да рэальнасці. Не было боязі, што не вытрымаю здзекаў, не было боязі, што здароўе падвядзе. Быў адзіны страх — не пабачыць унучак, якія нясуць цяпло, умеюць так натуральна аддаваць любоў». 

Як адзначае Вольга Вялічка, менавіта ўнукі паказалі сённяшнім бабулям, што пра любоў можна казаць проста і адкрыта, што абдымкі і пацалункі — гэта не слабасць, а моц, ад якой можна браць жыццёвую энергію. 

«Хачу, каб унучкі ведалі: бабуля была чалавечай нават у турме»

Калонію Людміла параўноўвае з піянерскім лагерам, дзе таксама быў распарадак, душ раз на тыдзень, туалет на вуліцы і «звычайная савецкая ежа». У зняволенні жанчына працавала на швейнай вытворчасці. І вось там, за працай, да яе прыйшло ўсведамленне, што «я — мама і бабуля, якая вучыла сваіх дзяцей жыць правільна, не хлусіць, кіравацца божым і чалавечым законам, зараз апынулася ў турме. Я цяпер злачынца. А мае дзеці і ўнучкі мусяць пісаць лісты і насіць перадачкі ў турму. Галаву не пакідала пытанне, што мая ўнучка будзе распавядаць сваім сябрам пра бабулю».

Вольга Вялічка звяртае ўвагу, што сталыя людзі, якія прайшлі праз незаконны пераслед, часта разважаюць пра змену маральных арыенціраў, страту веры ў справядлівасць. 

«Усё сваё жыццё я імкнулася быць справядлівай і кіравацца законам. Таму ў 2020 годзе і выйшла супраць, — разважае Людміла. — Чаму мне выпалі такія выпрабаванні: несправядлівы суд, здзекі ад турэмшчыкаў, якія забралі мой час і мяне ад сям’і? Я ўвесь час думаю пра гэта. І ў мяне пакуль няма адказу, але я ведаю, што рабіла ўсё сумленна. Калі ўнучкі вырастуць, я хачу, каб яны ведалі: бабуля не баялася быць чалавечнай. Нават у турме».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула