БЕЛ Ł РУС

Беларускі «Пеленг» судзіцца з прадпрыемствам расійскага ВПК за даўгі

21.04.2025 / 16:51

Nashaniva.com

Беларускае прадпрыемства «Пеленг», якое пастаўляе Расіі вайсковую оптыку, патрабуе праз суд больш за 3 мільёны беларускіх рублёў ад расійскага вытворцы электронікі. Той таксама працуе з Узброенымі сіламі РФ, піша «Люстэрка».

Фота: БелТА

У Арбітражным судзе Растоўскай вобласці разглядаюць адразу тры пазовы ад беларускага прадпрыемства «Пеленг» да расійскага навукова-вытворчага комплексу «Бартавыя інтэлектуальныя сістэмы». Усе яны былі пададзеныя ў студзені гэтага года, вынікае са звестак расійскага сайта «Электронное правосудие».

У агульным ліку беларускі завод спрабуе спагнаць суму, эквівалентную крыху больш чым 3 мільёнаў беларускіх рублёў (па курсе Нацбанка Беларусі на 21 красавіка). У двух выпадках гэта запазычанасць па дамовах, заключаных у студзені і жніўні 2022 года, і яшчэ ў адным — за 2019-ы.

Пакуль суд паспеў разгледзець толькі адну справу з трох, аднак рабілася гэта ў закрытым працэсе, таму рашэнне не апублікавалі.

Прадпрыемства «Бартавыя інтэлектуальныя сістэмы» вырабляе радыёэлектронную апаратуру, а таксама электронныя друкаваныя платы. Яно супрацоўнічае з Узброенымі сіламі РФ. Гэтая кампанія таксама ўдзельнічала ў расійскім тэхналагічным конкурсе ў галіне стварэння беспілотных транспартных сродкаў.

Сам беларускі «Пеленг» супрацоўнічае з расійскім вайскова-прамысловым комплексам. У прыватнасці, ён адпраўляе ў Расію прыцэлы для танкаў, баявых машын, супрацьтанкавых комплексаў і сістэм СПА, аўтаматаў, мінамётаў, гранатамётаў. BELPOL раскрыў схемы ў пастаўках вайсковай оптыкі.

Прадпрыемства «Пеленг» на 48,9% належыць дзяржаве. Праз расійскую агрэсію супраць Украіны яно знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза, ЗША, Вялікабрытаніі і Украіны. 

Чытайце таксама:

Беларускія кампаніі пастаўляюць у Расію заходнія мікрасхемы ў абыход санкцый — новае расследаванне

Працягваецца масавы пераслед супрацоўнікаў ААТ «Пеленг»

Масавыя чысткі на беларускіх абаронных прадпрыемствах

Унутраныя войскі атрымалі дзве сістэмы для змагання з беспілотнікамі

Каментары да артыкула