БЕЛ Ł РУС

Забараняць Zoom і групавыя заняткі для рэпетытараў перадумалі пасля рэзанансу

23.04.2025 / 12:8

Nashaniva.com

Мінадукацыі завяршыла грамадскае абмеркаванне праекта пастановы аб рэпетытарах. Некаторыя спрэчныя пункты з дакумента прыбралі.

Праект пастановы «Аб парадку ажыццяўлення самастойнай прафесійнай дзейнасці па навучанні» выклікаў пэўны рэзананс. Дакумент прадугледжваў сур'ёзныя абмежаванні для рэпетытараў: забараняў выкарыстоўваць замежныя праграмы тыпу Zoom, праводзіць групавыя заняткі і працаваць з дарослымі, якія нідзе не вучацца.

На этапе грамадскага абмеркавання дакумент сабраў шмат негатыўных каментароў. У Міністэрстве адукацыі вырашылі згладзіць вострыя моманты і прыбраць некалькі спрэчных пунктаў.

Ведамства адмовілася ад ідэі абавязаць рэпетытараў працаваць толькі ў праграмах, якія зарэгістраваны ў Беларусі. Гэта азначае, што Zoom, Google Meet і іншыя папулярныя дадаткі для сувязі і дыстанцыйных урокаў забараняць пакуль не будуць.

Акрамя таго, Міністэрства адукацыі вырашыла не забараняць групавыя заняткі для рэпетытараў і настаўнікаў-дэфектолагаў. Яны змогуць працаваць з групамі да чатырох чалавек.

Таксама ў абноўленым дакуменце ўдакладнілі парадак, па якім вучні павінны будуць паказваць рэпетытару дакумент пра тое, што яны вучацца ў школе, універсітэце ці ў аспірантуры. А яшчэ рэпетытараў абавяжуць паказваць вучням даведку пра тое, што яны не ўчынялі злачынстваў, якія абмяжоўваюць працу з дзецьмі.

Астатнія спрэчныя пункты ў дакуменце, відаць, вырашылі пакінуць. Напрыклад, пастанова прадугледжвае, што карыстацца паслугамі рэпетытара могуць толькі тыя, хто недзе вучацца. Гэта значыць, дарослым, напрыклад, каб вывучыць англійскую, давядзецца звяртацца ў моўныя школы, а не да рэпетытара.

Яшчэ пастанова забараняе рэпетытарам вучыць танцам, музыцы, вакалу ці камп'ютарнай граматнасці непаўналетніх.

Абноўленая пастанова пакуль не прынята Саветам Міністраў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула