Падсанкцыйная беларуская драўніна кантрабандай трапляе ў Вялікабрытанію
Паводле расследавання міжнароднай арганізацыі World Forest ID, значная частка драўніны з Беларусі і Расіі незаконна ўвозіцца ў Вялікабрытанію, нягледзячы на санкцыі. Пра гэта піша The Guardian, спасылаючыся на вынікі даследавання.
Фота ілюстрацыйнае
World Forest ID, створаная ў 2017 годзе, аналізуе драўніну з дапамогай хімічных і генетычных метадаў, каб вызначыць дакладную геаграфічную лакалізацыю прадукцыі. Гэта дае магчымасць выявіць сапраўднае паходжанне матэрыялаў, нават калі яны пазначаныя як прадукцыя з іншых краін.
Паводле высноў даследавання, амаль палову ўзораў бярозавай драўніны, якая нібыта паходзіць з Украіны, Польшчы, Эстоніі ці Латвіі, насамрэч прывозяць з Беларусі або Расіі. Пасля пачатку вайны ва Украіне ўвоз такой драўніны ў ЕС і Вялікабрытанію быў забаронены.
Кіраўніца World Forest ID Джэйд Сондэрс адзначыла, што наяўныя сістэмы кантролю эфектыўныя настолькі, наколькі дакладныя інструменты, з дапамогай якіх яны працуюць.
Таксама адзначаецца, што Беларусь і Расія працягваюць перапрацоўваць драўніну і прадаюць яе праз трэція краіны — Кітай, Казахстан, Турцыю і інш. У ЕС, паводле дадзеных, штодня трапляе каля 22 кантэйнераў з падсанкцыйнай прадукцыяй.
Экалагічная арганізацыя Earthsight пацвярджае гэтыя даныя і дадае, што ў Беларусі выкарыстоўваецца прымусовая праца палітвязняў на лесаперапрацоўцы. Мэбля, спартыўны інвентар, цацкі і паркет у Еўропе вырабляюцца з вырабленай такім чынам фанеры.
Санкцыі супраць Беларусі былі ўведзеныя 2 сакавіка 2022 года і ахапілі лесапрадукцыю, у тым ліку фанеру, піламатэрыялы і пілеты. У сакавіку таго ж года Міжнародная рады дырэктараў Лясной апякунчай рады (FSC) прыпыніла сертыфікацыю лясной прадукцыі з Беларусі і Расіі.
У студзені 2025 года прадстаўнікі беларускага Мінлясгаса заявілі, што галіна амаль цалкам аднавілася пасля санкцый. Паводле ведамства, у 2024 годзе экспарт піламатэрыялаў дасягнуў рэкорду — 1 мільёна кубаметраў. Аднак канкрэтныя краіны, куды ішлі пастаўкі, не называліся.
Чытайце таксама:
Беларусь не змагла знайсці замену еўрапейскім рынкам для продажу пелет
Хто перапрадае беларускі лес у Еўрасаюз і ці замяшаны тут «Пінскдрэў»
У абыход санкцый. Як беларускую драўніну вязуць у ЕС па фальшывых дакументах — расследаванне