БЕЛ Ł РУС

«Людзі хочуць класічнае. Навошта прыдумваць іншае?» Беларуска ў Варшаве пячэ торты і пірожныя са смакам, як у дзяцінстве

3.05.2025 / 19:12

Nashaniva.com

Алена, яе муж і маленькае дзіця пераехалі ў Варшаву з Гродна ў 2020 годзе. Псіхолаг па адукацыі, Алена не выйшла на працу, а засталася дома з дачкой. Пакуль муж уладкаваўся электрыкам, яна вырашыла пячы хлеб і торты са смакамі, знаёмымі ўсім беларусам.

Алена Дружыніна. Фота: «Наша Ніва»

«Ніхто не планаваў, што гэта будзе працай»

Спярша ідэя была такой — спячы чорны хлеб, якога так бракавала сям’і ў Варшаве. Калі Алена пачала выпякаць больш, чым муж з дачкой паспявалі з'есці, яна вырашыла прадаваць.

«Ніхто не планаваў, што гэта будзе працай. Проста прапанаваць людзям — чаму не? Таму што на той момант ніхто не прапаноўваў наш хлеб чорны».

Акаўнт «Чорны хлеб» у інстаграме Алена стварыла на адным з сямейных застолляў. Назву прыдумаў брат, а лагатып намалявала яго жонка — старонку кандытарка вырашыла весці пераважна на беларускай і польскай мовах. Першы бохан Алена прадала ў маі 2021 года знаёмай — за некалькі злотых (пару беларускіх рублёў).

Алена Дружыніна на сваёй кухні. Фота: «Наша Ніва»

Пакрысе Алена пачала падвышаць цэны, таму што працаваць за пару злотых ёй стала нецікава. На дзіва, за восем злотых сталі набываць больш. Тады беларуска пачала прапаноўваць па 15. Людзі пыталіся: навошта набываць хлеб за 15 злотых (прыблізна 13 беларускіх рублёў), калі можна знайсці яго ў краме за два? 

«Я кажу: у вас ёсць выбар заўсёды. Вось складнікі, я нічога не хаваю. У мяне ёсць пастаянныя кліенты, якія заўсёды купляюць па тры-чатыры боханы. Цяпер у мяне нельга купіць па адным — толькі ад трох на аднаго чалавека ці збіраю некалькі заказаў. Ці калі для сябе пяку і можна забраць тое, што ёсць у наяўнасці».

Хлеб, які пячэ Алена. Фота: «Наша Ніва»

Торты беларуска пачала рабіць не адразу. Салодкае з'явілася ў асартыменце праз дачку: жанчына падумала, што можа навучыцца і зрабіць ёй на дзень нараджэння нешта смачнае, у складзе чаго яна будзе ўпэўнена.

Цяпер у кандытаркі можна замовіць знаёмыя беларусам прысмакі: сочнікі, смятаннікі, аўсянае печыва, пірожныя «Бульбачка» ці «Кошыкі», а таксама торты — «Медавік», «Напалеон», «Кіеўскі», «Прага» ды іншыя.

Пірожныя будуць каштаваць 10—12 злотых (8—10 рублёў) за штуку, торт — 120—130 злотых (104—113 рублёў) за кілаграм.

Алена на кухні. Фота: Наша Ніва

«Я ніколі ў жыцці не падумала б, што людзі так любяць «Ленінградскі» торт»

Беларусы звярталіся да Алены не толькі з Варшавы, але і з Лодзі — прасілі даслаць «Ленінградскі» торт праз паштамат. Быў лістапад — з дастаткова халоднай для торта тэмпературай, і кандытарка пагадзілася, нягледзячы на хваляванне.

«Увесь той дзень сачыла, як торт ехаў. Разумею, што там нельга адсачыць, дзе машына едзе і кур’ер, але хаця б калі ён у сарціравальным цэнтры апынуўся. Вельмі перажывала. І потым бачу, што забралі. Адразу спытала, ці ўсё акей. Акей. Гэта быў цікавы вопыт, але я больш не хачу такога».

Алена здзіўляецца і выбару беларусаў — «Ленінградскі» торт. Кандытарка лічыць, што па рэцэпце гэта падобна на печыва з шакаладным маслам, але людзям падабаецца. Гэты від торта ў яе адзін з самых папулярных для замоў, разам з «Медавіком» і «Напалеонам».

«Але «Ленінградскі»! Я ніколі ў жыцці не падумала б, што людзі так яго любяць і нават захочуць, каб я перасылала ў Лодзь».

Прапаноўвалі даслаць торт і ў Аўстрыю, выкарыстоўваючы спецыяльную металёвую скрыню. Кандытарка падзякавала за давер, але параіла знайсці спецыяліста на месцы. Паабяцала, што калі сама паедзе ў краіну, тады і зможа даставіць салодкі падарунак — асабіста.

«Людзі хочуць класічнае. Навошта прыдумваць іншае, калі яго ў мяне не будуць браць?»

Рэцэпты для тортаў і пірожных Алена купіла ў кандытарак з Мінска і з Гродна. Па іх, кажа беларуска, дакладна атрымлівалася з першага разу і смачна. Па інструкцыях у ютубе так выходзіла не заўсёды.

«Усё, што класічнае, ужо прыдумана. І людзі хочуць класічнае. Навошта прыдумваць іншае, калі яго ў мяне не будуць браць? Напрыклад, зараз думала над заварнымі [пірожнымі]. Людзі больш выбіраюць масляныя, чым начынку дубайскі шакалад. Яны хочуць класічныя заварныя пірожныя».

Пірожныя «Кошыкі» ад Алены. Фота: «Наша Ніва»

Алена любіць сваю працу, але адну рэч ёй рабіць не падабаецца — модныя зараз бэнта-торты (гэта маленькія торты на 1-2 чалавек). Збіраць іх нязручна і марокі столькі ж, колькі з вялікімі тортамі па некалькі кілаграмаў.

«Шмат кандытараў робяць іх пад замарозку. Гэта займае шмат месца, у мяне іншае ляжыць у лядоўні. Робіш адзін маленькі торцік, а з ім столькі ж працы, колькі са звыклым тортам. Тыя самыя этапы, толькі ўсё маленькае. Але я разумею, што ў нашых людзей тут сем’і маленькія, па 2—3 чалавекі, ім торт на тры кілаграмы проста непатрэбны», — кажа кандытарка.

Бывае, у Алены просяць зрабіць адно пірожнае — яна адмаўляе. Бо тэхнічна не можа арганізаваць.

Вырабы Алены. Фота: «Наша Ніва»

«Не магу сказаць, што я працую, проста каб зарабіць грошай»

Увесь працоўны дзень Алены выбудаваны вакол маленькай дачкі — калі яе адвесці ў садок, калі забраць, калі пакарміць, калі разам пагуляць. Таму выходзіць, што працуе яна пакуль дзяўчынка ў садку і позна ноччу — калі тая ўжо пайшла спаць.

«Выберу хоць пару гадзін з ёй пабыць перад сном, чым працаваць. Бываюць, вядома, працоўныя дні перад святамі, тады прыходзіцца дамаўляцца, каб я магла працаваць увечары. Бо калі буду чакаць позняга часу, проста не паспею».

Дагэтуль Алена заўсёды працавала ў калектыве, дзе можна было з кімсьці паразмаўляць. Цяпер яна часта на кухні адна. Вырашыла, што набудзе планшэт, каб паралельна глядзець на ім серыялы — гэта дапамагае.

Алена Дружыніна. Фота: «Наша Ніва»

«Не магу сказаць, што я працую, проста каб зарабіць грошай, што гэта мне не падабаецца. Гэта не той занятак, які прыносіць мільёны».

Асноўныя пакупнікі — беларускія ці ўкраінскія бізнэсоўцы і айцішнікі. Кандытарка заўважыла, што яе кантактам часта дзеляцца праз знаёмых. Так да яе некалькі месяцаў звярталіся розныя людзі з аднаго адраса — мусіць, суседзі ці калегі.

Замовы кандытарка прымае па перадаплаце каля 20 злотых (16 рублёў) і абавязкова пісьмова, каб да яе не было прэтэнзій па выкананні. Яна кажа, што яшчэ ніхто не адмаўляўся ад тортаў, але бывала, што пасля папярэдняга заказу не забіралі выраб. Тады яна прадавала яго іншым.

Са свайго даходу Алена купляе прадукты для сям’і, але арэнда кватэры — на мужы. На сярэдні заробак кандытаркі разлічваць цяжка, бо ўсё залежыць ад колькасці замоў.

«Калі не было замоў, думала: што са мной не так?»

Двое з пастаянных кліентаў Алены, беларускія бізнэсмены, занятыя ў будаўніцтве, прапаноўвалі стаць яе інвестарамі і адкрыць разам пякарню. Яны ўжо разам выбіралі памяшканне, але нешта, кажа кандытарка, змянілася ў планах прадпрымальнікаў, і справа спынілася.

«Мне было прыемна. У той момант іншыя людзі верылі ў мяне больш, чым я сама. Мяне гэта вельмі падрымлівала. Калі людзі пісалі мне «ваў, супер», гэта вельмі паспрыяла, каб я не закінула працу. У складаны момант, калі не было замоў, думала: што са мной не так? А потым разумела — на вуліцы 35 градусаў спёкі, хто будзе есці булкі? Ніхто».

Працэс прыгатавання. Фота: «Наша Ніва»

Дзякуючы той прапанове ад інвестараў Алена зразумела, што не хоча адкрываць сваю пякарню ці кандытарскую. На новым месцы трэба было б знаходзіцца ўвесь час першыя некалькі гадоў. Такой магчымасці ў яе пакуль няма — трэба быць з дачкой.

«Мне складаней будзе арганізаваць свой час так, каб я ўсё паспявала — вядома, першыя гады трэба будзе там жыць. Я на гэта не гатова. Я люблю сваю працу, але я не хачу там жыць», — тлумачыць яна.

Сваю кавярню ў Варшаве адкрыў брат Алены. Некаторы час яна пякла для яго булкі, але такое супрацоўніцтва таксама не развілася: трэба было ў вялікіх аб'ёмах рабіць адно і тое ж. Таму яны дамовіліся, што кандытарка будзе рабіць для кавярні сінабоны толькі ўзімку.

«Таксама я хацела рэалізавацца сама. Калі працуеш на кавярню, ніхто цябе не будзе ведаць. Кавярня прадае ўсё як свае вырабы. Я хацела, каб людзі ведалі менавіта пра мяне».

{DONATE_PAYPAL}

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула