БЕЛ Ł РУС

Міністр абароны Пакістана заявіў пра гатоўнасць да поўнамаштабнай вайны з Індыяй

25.04.2025 / 12:26

Nashaniva.com

Пакістан гатовы адказаць на магчымую агрэсію з боку Індыі, заявіў кіраўнік Мінабароны краіны Хаваджа Асіф на фоне абвастрэння паміж дзвюма ядзернымі дзяржавамі пасля расстрэлу турыстаў у спрэчным рэгіёне Кашмір.

Фота: Muhammad Reza/Anadolu via Getty Images

«Мы ўзважым наш адказ на ўсё, што ініцыюе Індыя. Гэта будзе ўзважаны адказ. Калі адбудзецца поўнамаштабная атака або нешта ў гэтым духу, то, відавочна, будзе поўнамаштабная вайна», — сказаў міністр у эфіры Sky News.

26 чалавек загінулі і 17 атрымалі раненні ў выніку нападу невядомых баевікоў у кантралюемай Нью-Дэлі частцы штата Кашмір мінулага аўторка. Індыя ўсклала адказнасць за напад на Пакістан, абвясціўшы яго актам тэрарызму.

Аднак Асіф абверг гэтае сцвярджэнне і выказаў здагадку, што Індыя «інсцэніравала» стральбу ў рамках «аперацыі пад фальшывым сцягам».

Кіраўнік ваеннага ведамства папярэдзіў, што пакістанскія войскі гатовыя да любога развіцця падзей, але выказаў надзею на вырашэнне канфлікту мірным шляхам.

Чытайце таксама:

Індыя абвінавачвае Пакістан у гібелі турыстаў і пагражае пакінуць яго без вады. Краіны на мяжы вайны

Каментары да артыкула