БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка апраўдваецца за ідэю з прыездам 150 тысяч пакістанцаў — гэта, каб «захаваць наш народ»

25.04.2025 / 12:57

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка выказаўся на тэму прыцягнення ў Беларусь працоўных мігрантаў, у тым ліку з Пакістана, піша БелТА.

Фота: Alexander Zemlianichenko / AP 

Ён канстатаваў, што праблемы з працоўнымі рэсурсамі існуюць у многіх краінах і рэгіёнах, у тым ліку ў Еўрапейскім саюзе, Расіі.

«Натуральна, як Еўрапейскі саюз, Расія, так і, напэўна, нам давядзецца ў найбліжэйшай будучыні пагадзіцца з тым, што ў нас будуць працаваць людзі з іншых краін. І перш за ўсё краін азіяцкіх. На перамовах з пакістанцамі мы дамовіліся пра тое, што мы выпрацуем адпаведную праграму, якая будзе зацверджана міжурадавым пагадненнем. То-бок трэба выпрацаваць механізм, каб не атрымалася так, як нас сёння і наш народ спрабуюць палохаць», — сказаў Лукашэнка.

Ён заявіў, што на гэтай тэме «хочуць узварушыць беларускае грамадства». Пры гэтым адзначыў, што прадукцыйнасць працы ў Беларусі пакуль у два-тры разы ніжэйшая, чым у Еўрасаюзе.

«Я магу па-народнаму сказаць, непапулярна: ну калі ў нас нехта баіцца замежнікаў, трэба працаваць тады за траіх, хаця б за дваіх. І мы ў найбліжэйшыя 10—15 гадоў увогуле не будзем казаць пра дэфіцыт працоўных рэсурсаў, — адзначыў ён. — Хочам мы гэтага? Не вельмі. Я кажу непапулярна, але адкрыта».

Лукашэнка дадаў таксама, што калі беларусы не хочуць прыезду мігрантаў, то трэба болей нараджаць — «па трое-чацвёра, а лепей пяцёра», публікуе яго выступ СТБ.

«Калі мы хочам захаваць сваю краіну, захаваць наш народ, быць суверэннымі, незалежнымі, будаваць Музей гісторыі беларускай дзяржаўнасці і нашага народа і любавацца, якімі мы былі і колькі стагоддзяў мы жывем, у аснове павінна ляжаць эканоміка. А гэта — людзі.

Калі мы хочам працаваць, кіраваць працэсамі, ніякага страху няма, што да нас прыедуць (мігранты з іншых краін). З тысячы чалавек будуць у нас, дапусцім, 60 або 100 чалавек замежнікаў. Гэта нармальная практыка. А ўвогуле ў нас працоўных рэсурсаў у прынцыпе дастаткова. А дзе не хапае, мы прасвятлім кожнага чалавека і возьмем яго жыць на самай прыгожай зямлі — беларускай зямлі. З любой краіны. Тых, хто захоча працаваць».

Ён пры гэтым адзначыў, што мігранты з розных краін павінны быць расселеныя па тэрыторыі Беларусі. Акцэнт таксама будзе зроблены на запрашэнні прыязджаць адразу сем’ямі.

Чытайце таксама:

«Яны чамусьці думаюць, што іх зараз згвалцяць». Прапаганда кінулася тушыць абурэнне беларусаў 150 тысячамі пакістанцаў

Навошта Лукашэнку спатрэбіліся 150 тысяч пакістанцаў?

Што значыць прыезд 150 тысяч мігрантаў з Пакістана ў Беларусь: погляд Ігара Тура

Лукашэнка: Мы хочам з Пакістана спецыялістаў, а не проста моладзь. І найперш у Баранавічы

Каментары да артыкула