У Магілёве зносяць першую гарадскую электрастанцыю, каб уціснуць жылы дом у гістарычным цэнтры
Будаўніцтва нязграбнага жылога дома, падобнага да хрушчоўкі, выдаюць за рэканструкцыю гістарычнага будынка.
Знос першай магілёўскай электрастанцыі. Скрыншоты відэа instamogilevlive
Відэа са зносам будынка былой электрастанцыі па 2-м Крутым завулку з дапамогай тэхнікі апублікаваў канал instamogilevlive.
Паводле праекта, замест трохпавярховага будынка мусіць з'явіцца шасціпавярховы дом сумнеўнай архітэктурнай вартасці ад сталічнага забудоўшчыка «Міракш Інвест».
Пра гісторыю будынка першай магілёўскай электрастанцыі і яе значэнне для індустрыяльнага развіцця Магілёва мы раней падрабязна распавядалі.
Першая магілёўская гарадская электрастанцыя ў Магілёве была пушчана ў эксплуатацыю 7 лютага 1910 года. У 1929 годзе электрастанцыя стала выпрацоўваць пераменны ток.
Пасля ўвядзення новай электрастанцыі ў верасні 1933 годзе магілёўская гарадская электрастанцыя была зачынена, а будынак быў перабудаваны пад жылы дом, унутраная прастора разбіта на дзве секцыі па тры паверхі.
Інтэр’ер электрастанцыі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
У апошнія дзесяцігоддзі будынак быў адселены, закінуты і патроху разбураўся. Пажар, які адбыўся ўвесну 2022 года, падштурхнуў актывістаў падаць прапанову аб узяцці будынка пад ахову.
Але чыноўнікі адмовілі ў статусе гісторыка-культурнай каштоўнасці на той падставе, што «ў выніку ўздзеяння фактараў прыроднага паходжання страчаны адметныя духоўныя і мастацкія вартасці», хоць будынак захаваўся цалкам, у тым ліку з дэкорам на фасадах.
Фасады «элітнага» жылога дома ў гістарычным цэнтры горада нагадваюць рэнавіраваную хрушчоўку. Фота: Магілёўскі гарвыканкам.
У маі 2024 года на грамадскае абмеркаванне быў вынесены праект новага жылога дома на месцы былой электрастанцыі, але быў завернуты на дапрацоўку праз неадпаведнасць нормам. Другое грамадскае абмеркаванне, якое адбылося ў пачатку 2025 года, скончылася для забудоўшчыка больш паспяхова.
Нягледзячы на слова «рэканструкцыя» ў назве, актывісты адзначаюць, што ад гістарычнага будынка па факце не застанецца нічога, нават падмуркаў.
Пад «рэканструкцыяй» у праекце разумеецца поўны знос. Фота: Магілёўскі гарвыканкам.
У Магілёве за апошнія гады не было ніводнага пазітыўнага прыкладу захавання гістарычнай забудовы. Былі вынішчаны ўсе гістарычныя будынкі па Вялікай Грамадзянскай вуліцы, мясцовыя ўлады спрабавалі пазбавіць ахоўнага статусу і знесці цэлую вуліцу Лазарэнкі, такую схему ўдалося ажыццявіць з палацам архібіскупа ў Пячэрску. Паступова вынішчаецца драўляная забудова. Нічога не прадпрымаецца дзеля навуковай рэстаўрацыі дамоў у гістарычным цэнтры.
І без таго моцна прарэджаны вайной і часамі савецкага кіравання гістарычны горад канчаткова страчвае сваё ўнікальнае аблічча — і мясцовыя ўлады не бачаць у гэтым ніякай праблемы.