БЕЛ Ł РУС

Amazon пачала выводзіць на арбіту інтэрнэт-спадарожнікі — канкурэнты Starlink

29.04.2025 / 6:51

Nashaniva.com

Кампанія Amazon запусціла ў космас першую групу інтэрнэт-спадарожнікаў у межах праекта Kuiper, які з'яўляецца прамым канкурэнтам сістэмы спадарожнікавага інтэрнэту Starlink Ілона Маска, піша Бі-бі-сі.

Фота: Paul Hennessy/Anadolu via Getty Images

Ракета-носьбіт Atlas V кампаніі United Launch Alliance (ULA), якая стартавала з касмадрома на мысе Канаверал у Фларыдзе ў панядзелак у 19:00 па мясцовым часе (23:00 па Грынвічы), вывела на арбіту 27 спадарожнікаў.

На працягу бліжэйшых гадоў Amazon плануе запусціць 3236 спадарожнікаў на нізкую ваколзямную арбіту, якія будуць знаходзіцца на вышыні 590, 610 і 630 км і працаваць у звязцы з 12 наземнымі станцыямі.

Сістэма будзе забяспечваць шырокапалосны доступ у інтэрнэт да 400 мегабіт у секунду (з магчымасцю павелічэння да 1 Гбіт/с і больш).

«Project Kuiper — гэта нізкаарбітальная спадарожнікавая сетка Amazon. Яе задача — дапамагчы пераадолець лічбавы разрыў і даць хуткі і даступны шырокапалосны доступ у інтэрнэт супольнасцям, якія не ахоплены або недастаткова ахоплены традыцыйнымі тэхналогіямі сувязі», — пісала Amazon у 2023 годзе, прадстаўляючы прататыпы абаненцкіх тэрміналаў. Тады ж, у кастрычніку 2023 года, на арбіту былі выведзены тэставыя спадарожнікі KuiperSat-1 і KuiperSat-2. Запуск першай групы з 27 спадарожнікаў планаваўся на пачатку красавіка, але быў адкладзены з-за дрэннага надвор'я.

З запускам спадарожнікаў Amazon афіцыйна ўступіла ў гонку не толькі са Starlink, але і з іншымі аператарамі спадарожнікавага інтэрнэту.

SpaceX запусціла першую партыю спадарожнікаў у 2019 годзе — цяпер на арбіце знаходзіцца больш за 6750 апаратаў, якія абслугоўваюць больш за 5 млн чалавек па ўсім свеце.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула