У Бразіліі ва ўзросце 116 гадоў памерла найстарэйшая жанчына ў свеце
Найстарэйшы чалавек на планеце, бразільская манахіня Іна Канабара Лукас, пайшла з жыцця ва ўзросце 116 гадоў і 326 дзён, паведамляе Бі-бі-сі са спасылкай на рэлігійную абшчыну горада Порту-Алегры, да якой яна належала.
Фота: grg-supercentenarians.org
Паводле даных амерыканскай Групы геронталагічных даследаванняў (GRG) і базы дадных LongeviQuest, пасля смерці Лукас тытул супердаўгажыхаркі перайшоў да Этэль Кейтарам з англійскага графства Сурэй, якой у жніўні мінулага года споўнілася 115 гадоў.
Іна Канабара Лукас стала найстарэйшым чалавекам у свеце ў студзені пасля смерці японкі Томіка Ітаока — ёй таксама было 116 гадоў. LongeviQuest паведамляе, што манахіня ў свой 110-ы дзень народзінаў атрымала блаславенне ад папы Францішка.
Хоць сама Лукас сцвярджала, што яе дата нараджэння — 27 мая1908 года, але паводле дакументаў яна нарадзілася 8 чэрвеня, сказаў AFP кіраўнік GRG Роберт Янг. Паводле дадзеных Групы геранталагічных даследаванняў, Іна Канабара Лукас нарадзілася ў паўднёвым бразільскім штаце Рыу-Грандзі-ду-Сул.
Яна была праўнучкай бразільскага генерала Дэвіда Канабара, а яе бацька загінуў у баі ў 1923 годзе. У дзяцінстве Лукас была вельмі худзенькай, у сувязі з чым нават узнікалі асцярогі за яе жыццё, піша GRG.
Яна навучалася ў школе-інтэрнаце, у 1928 годзе пераехала ў сталіцу Уругвая Мантэвідэа, дзе стала манахіняй, а праз два гады вярнулася ў Бразілію і пачала выкладаць партугальскую мову і матэматыку ў школе ў Рыа-дэ-Жанэйра.
У студзені 2021 года ва ўзросце 112 гадоў Лукас атрымала першую дозу вакцыны ад каранавірусу, а ў кастрычніку 2022 года, знаходзячыся ў бальніцы, сама заразілася кавідам.
Праз месяц яна акрыяла, стаўшы адным з найстарэйшых людзей на планеце, якія перажылі гэтае захворванне.