Турысты купілі тур у Рыгу, правялі 36 гадзін у аўтобусе, але нават не трапілі ў Еўрасаюз
26 красавіка звыш 30 чалавек выехалі з Мінска на тур у Рыгу і Юрмалу. Аднак замест шпацыраў па старым горадзе сталіцы Латвіі турысты атрымалі гадзіны чакання ў аўтобусе і стрэс ад пастаянных змен падчас паездкі. У выніку атрымалася заблытаная гісторыя.
Поўную хроніку прыгод чытайце на сайце «Анлайнера». Мы прыводзім яе ў скарачэнні.
Чытачка выдання атрымала візу і вырашыла купіць тур выхаднога дня. Такі яна знайшла на сайце аператара Bytravel.by — ён прапаноўваў паездку ў Рыгу і Юрмалу.
Скрыншот з сайта кампаніі
З указанага на сайце кошту экскурсіі — €70 плюс 100 рублёў турпаслугі — жанчына заплаціла толькі суму ў беларускіх рублях. Астатак у еўра трэба было аплочваць ужо ў Латвіі.
Па раскладзе, турысты павінны былі выехаць з Мінска ў 16 гадзіны суботы і прайсці граніцу з Латвіяй ў адзіным дзейным пункце «Грыгараўшчына» на беларускай мяжы. У турфірме запэўнівалі, што з пераходам і чэргамі праблем не будзе.
Аднак ад пачатку ўсё пайшло не па плане: аўтобус спазніўся на 40 хвілін, а за 70 кіламетраў ад Мінска ў яго скончылася паліва. Кіроўцы з'ездзілі па бензін, аднак пасля гэтага транспарт не завёўся, таму давялося чакаць рамонтную брыгаду. На гэтым этапе некалькі чалавек адмовіліся працягваць паездку.
Аўтобус змог выехаць ў бок Полацка толькі каля дзясятай гадзіны вечара. Пасля таго, як там падабралі іншых пасажыраў, турыстам абвясцілі, што маршрут тура мяняецца, і замест пункта пропуску «Грыгараўшчына» было вырашана ехаць на расійска-латвійскую граніцу ў пункт «Бурачкі», бо там былі меншыя чэргі.
Двое турыстаў з украінскімі пашпартамі ехаць у Расію адмовіліся. Гадзіну яны размаўлялі па тэлефоне з дырэктарам фірмы, які прасіў іх выйсці з аўтобуса і напісаць заяву на вяртанне грошай. У выніку а першай гадзіне ночы ўкраінцаў высадзілі, і аўтобус паехаў далей.
Пасля ўезду ў Расію на шляху аказаўся ўчастак платнай дарогі, які давялося аплочваць адной з пасажырак, у якой была картка плацежнай сістэмы «Мір». У «Бурачках» аўтобус некалькі гадзін прастаяў перад шлагбаумам без руху. Людзі сядзелі без ежы і вады, а таксама нічога не маглі набыць, бо ў іх не было расійскіх грошай.
Расійскія мытнікі зладзілі беларускім турыстам пільную праверку з асабістым надглядам і пералікам наяўных грошай. У выніку пераход граніцы з расійскага боку заняў 10 гадзін.
Латвійцы хутка правялі пашпартны кантроль турыстаў, пасля іх пайшлі кіроўцы. Па вяртанні пасажыраў агаломшылі навіной: яны едуць дадому, бо кіроўцам анулявалі візы.
Па версіі турыстаў, латвійскаму боку не хапіла патрэбных дакументаў праз змену маршрута, таму яны прастаялі доўга на мяжы без руху. Таксама пасажыры адзначаюць, што адзін з кіроўцаў быў занадта эмацыйным і спрачаўся з сілавікамі.
Турфірма ў сваіх сацсетках пацвердзіла, што візы кіроўцаў былі ануляваныя ў адказ на абурэнні маруднай працай. Дзеянні пагранічных служб Латвіі ў допісе назвалі палітызаванымі.
Пасля фіяска на мяжы турысты развярнуліся і паехалі назад у Мінск. Дадому аўтобус вярнуўся а пятай раніцы ў панядзелак. Усяго ў дарозе пасажыры правялі 36 гадзін, аднак Еўропы так і не пабачылі.
У кампаніі заявілі, што гатовыя вярнуць толькі па 100 рублёў турпаслугі. Пасажыры цяпер абмяркоўваюць калектыўны пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды.
Журналістам «Анлайнера» ў турфірме падрабязна растлумачылі сітуацыю. Там адзначылі, што для беларускіх турфірм няма забарон на выкарыстанне пунктаў пропуску на расійска-латвійскай граніцы, і яны імі часта карыстаюцца. У той жа час ануляванне віз кіроўцаў было растлумачана «скандальнымі паводзінамі пасажыраў, якія правакавалі пагранічнікаў і палітызавалі сітуацыю».
Праблемы з палівам былі растлумачаныя «тэхнічным момантам». З-за тура, што не адбыўся, кампанія панесла вялікія страты, бо былі забраніраваныя гасцініцы і экскурсіі. Па словах прадстаўніка турфірмы, большасць турыстаў пагадзіліся перанесці паездку на больш спакойны час, а ўкраінскія пасажыры атрымалі кампенсацыю расходаў на вяртанне ў Мінск.